Да 2 гадоў «хіміі» засуджаны паэт Мікола Папека з Берасцейшчыны
У судзе Берасцейскага раёна скончыўся разгляд справы ў чацвёртай частцы тых, хто праходзіць па так званай «карагоднай справе». Суддзя згаданага суда Сяргей Маручак прызнаў 12 чалавек вінаватымі і прызначыў пакаранні ў выглядзе «хатняй хіміі» і «хіміі з накіраваннем».
Сярод вінаватых — паэт-пчаляр з Пружаншчыны, заснавальнік літаратурнай «Мядовай прэміі» Мікола Папека, які 13 верасня 2020 году паводле следства апынуўся на пратэстнай акцыі апазіцыі ў Берасці. Тады, сілавікі ўжылі вадамёт для разгону дэманстрантаў, а следчыя завялі крымінальную справу якая сярод карыстальнікаў пратэстных telegram-чатаў стала вядома як «карагодная»:
– Такая сітуацыя ў краіне, што павінен выйсці ўвесь горад. Дзіўна, што берасцейцы сядзяць па кватэрах і па сапраўднаму не выйшлі. Чакалася лепшага, мацнейшага.
Інфармацыя пра прысуд у два гады „хіміі” з адбываннем пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу для Міколы Папекі стала вядома ад валанцёраў праваабарончага цэнтру «Вясна». Сам паэт пакуль не каментуе рашэнне суддзі.
Беларускае Радыё Рацыя