2 лютага нарадзіўся Кастусь Каліноўскі



2 лютага 1838 года нарадзіўся вялікі сын беларускага народа Кастусь Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў.

У незалежнай Беларусі такія імёны, як яго, павінны ўганароўвацца на самым высокім роўні. На жаль, улады робяць усё, каб пра героя Беларусі народ забыў. Штогадовыя судовыя працэсы пасля дня памяці паўстанцаў 1863-га года ў Свіслачы таму пацверджанне. І найбольш антыбеларускасці акурат на Гарадзеншчыне, мяркуе праваабаронца з Гародні Віктар Сазонаў.

– Самая моцная антынацыянальная палітыка. Нейкая ўплывовая моцная рука, якая цісне на ўсе службовыя структуры, каб душылі ўсё нацыянальнае. Бо калі мы параўнаем і глянем праз прызму свіслацкай справы, то пабачым, што не так шмат людзей. Але, тым не менш, найбольшы ціск ідзе якраз на гарадзенцаў. Ужо падпаў пад суд чалавек, які ўвогуле там не прысутнічаў.

У Свіслачы наведнікі могуць убачыць на „прысадах герояў” не толькі напамін пра паўстанцаў, ёсць помнікі кáтам беларускага народа – Сталіну і Леніну. Для ўдзельнікаў фэсту памяці паўстанцаў такое непаслядоўнае стаўленне ўладаў Свіслачы да сваёй гісторыі – гэта дзіўна.

Кажа Юры Глебік – мясцовы жыхар:

– Ушанаванне сваіх продкаў – гэта абавязак кожнага народа і кожнага чалавека асабіста. Той, хто не помніць і не ўшаноўвае сваіх продкаў, загінулых за незалежнасць герояў, той напэўна не можа лічыцца паўнапраўным грамадзянінам краіны, бо ў любы момант можа не толькі здрадзіць сваёй краіне, а можа здрадзіць ідэалам незалежнасці.

На Гарадзеншчыне пачалася сапраўдная вайна супраць беларускіх патрыётаў. Асабліва засціць уладам імя Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. За ўдзел у апошнім Свіслацкім фэсце ўлады спагналі адміністрацыйныя штрафы на суму больш за 4 тысячы даляраў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня