20 000 польскіх інтэрнэт-крамаў заплоцяць новы падатак



Паводле інфармацыі штодзёнкі „Rzeczpospolita„, урад Польшчы збіраецца ўвесці падатак на амаль 20 тысяч электронных крамаў, якія працуюць у краіне. Увядзенне новага падатка падтрымала большасьць традыцыйных гандлёвых арганізацый. Яны спадзяюцца, што дзякуючы гэтаму ім давядзецца плаціць меншую стаўку, чым планаваныя 2% у год.

На думку экспэртаў электроннага гандлю, новы падатак паставіць польскія інтэрнэт-фірмы ў вельмі складаную сітуацыю. Польскія кампаніі будуць вымушаныя павысіць цэны, што прывядзе да зніжэння іх канкурэнтаздольнасці адносна замежных крамаў.

Мяркуецца, што сёлета на набыткі ў сеціве палякі выдаткуюць каля 45 млрд злотых, то бок на 20% больш, чым у 2015 годзе. Новы падатак прынясе ў бюджэт каля 2 млрд злотых. Паводле крыніцы, яго ўвядуць яшчэ ў І квартале бягучага года.