20 чэрвеня – Сусветны дзень бежанцаў
Сусветны дзень бежанцаў адзначаецца 20 чэрвеня. Паводле звестак ААН, вайна, гвалт ды іншыя прычыны прымусілі стаць унутранымі ці знешнімі перасяленцамі каля 70 мільёнаў жанчын, мужчын і дзяцей. З іх больш за 25 мільёнаў – бежанцы, большая палова якіх маладзей за 18 год. У мінулым годзе ў краіны Еўразвяза эмігравалі амаль два мільёны ўцекачоў. Штодня сотні сем’яў вымушаныя бегчы з родных мясцін, каб знайсці падтрымку ў іншых месцах.
Людзі, якія былі вымушаныя ўцякаць са сваіх краін (Украіны і Расеі) у бліжэйшыя – Беларусь і Польшчу, распавядаюць аб прычынах свайго бежанства:
– Цяжка жанчыне ў Чачні, бо яна цалкам залежыць ад сваіх родных. Калі яна выходзіць замуж, то ад мужа і яго сваякоў. Чаму я выехала? Бо мы з мужам ужо даўно не жывём разам, і мне не аддавалі дзяцей. Таму я забрала ў яго дзяцей і з’ехала.
– Паколькі ў нас пачаліся ваенныя дзеянні, нас запрасілі сюды пажыць, пакуль яны скончацца. А яны працягваюцца, таму я прадала сваю кватэру. І мы вырашылі тут застацца.
– Я Радзіму пакінуў тры гады таму. Калі ў нас будзе свабода, калі не будуць парушацца правы чалавека, калі будзе вяршэнства закону, а не расправа, тады вернемся канешне.
Сусветны дзень бежанцаў быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН 4 снежня 2000 года і штогод адзначаецца 20 чэрвеня, пачынаючы з 2001 г.
У гэты дзень аддаецца даніна павагі моцы духу і мужнасці мільёнаў людзей, якія пераадолелі неверагодныя цяжкасці, каб пачаць жыццё зноўку ў складаных і нязвыклых абставінах.
У Сусветны дзень бежанцаў гучаць заклікі дапамагаць бежанцам інтэгравацца ў грамадстве і спрыяць паляпшэнню іх жыцця.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Амител