20 гадоў мемарыяльнаму паўстанцкаму крыжу ў Якушоўцы
Дваццаць гадоў споўнілася, як паўстаў памятны знак у вёсцы Якушоўка Свіслацкага раёна. Мастацка аздоблены крыж сімвалізуе памяць беларусаў пра нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, які жыў там некаторы час разам з сям’ёй.
Традыцыйна, на дзень ушанавання паўстанцаў 1863 года, пілігрымы, якія прыязджаюць у Свіслач, завітваюць і ў Якушоўку, каб ушанаваць і гэтае месца.
Згадвае аўтар крыжа, мастак-каваль Юрась Мацко:
– Калі ўжо пачалося паломніцтва да магілы Віктара Каліноўскага, то ўзнікла пытанне, што ёсць яшчэ адно месца, якое трэба было знайсці і знакам адзначыць. Вырашылі, што гэта павінен быць крыж. Не сказаць, што гэта толькі мая ідэя. У гэтым удзельнічалі і мясцовыя свіслацкія хлопцы. Гэта было калегіяльнае рашэнне.
Цяпер у Якушоўцы захаваліся толькі падмуркі былой сядзібы сям’і нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Але стаіць мастацкі крыж аўтарства Юрася Мацко і памятны камень.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя