20 гадоў пазбаўлення волі за кантрабанду наркотыкаў



29-гадовы жыхар Берасцейскай вобласці прысуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі за кантрабанду гашышу ў буйным памеры. Прыгавор суда набыў законную моц.

Як паведамляецца на сайце Дзяржпагранкамітэта Беларусі, у красавіку 2018 года ў пункце пропуску „Дамачава” быў затрыманы беларускі грамадзянін, які ў схованках аўтамабіля Volkswagen спрабаваў незаконна перамясціць цераз мяжу гашыш у буйным памеры.

„Як было пасля ўстаноўлена, мужчына знаходзіўся ў транснацыянальнай арганізаванай групе, якая дзейнічае на тэрыторыі Марока, Іспаніі, Польшчы, Беларусі, Украіны, Расеі і іншых краін, з мэтай рэалізацыі буйных партый наркатычнага рэчыва — гашышу, — гаворыцца ў паведамленні. — У кожнага ўдзельніка злачыннай групы былі вызначаныя функцыі і абавязкі. У дадзеным выпадку грамадзянін Рэспублікі Беларусь выконваў злачынную ролю кур’ера, які павінен быў незаконна перамясціць буйную партыю наркотыкаў з краін Еўрапейскага саюза ў Расейскую Федэрацыю транзітам праз Рэспубліку Беларусь, аднак быў затрыманы. Канфіскаваны наркатычны сродак павінен быў рэалізоўвацца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі”.

Мужчына прызнаны вінаватым па ч. 4 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) і ч. 3 арт. 328-1 (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, альбо іх прэкурсораў або аналагаў) Крымінальнага кодэкса.

Адбываць пакаранне мужчына будзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Суд таксама прыняў рашэнне аб канфіскацыі ўсёй маёмасці абвінавачанага.

belapan.by