20 гадоў таму памёр Уладзіслаў Чарняўскі
20 гадоў таму – 22 снежня 2001 года не стала Уладзіслава Чарняўскага, беларускага каталіцкага святара, перакладчыка Бібліі і рэлігійных тэкстаў на беларускую мову.

Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся на Ашмяншчыне – у засценку Амбружын – 14 студзеня 1916 года.
Паходзіў з сялянскай сям’і. Скончыў 4 класы Вішнеўскай школы (цяпер Валожынскі раён), вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931-33 гадах навучаўся ў Барунскай настаўніцкай гімназіі. У 1934 годзе пад уплывам свайго дзядзькі – ксяндза Францішка Чарняўскага – паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары марыянаў. У 1938 годзе яе закончыў і пайшоў у навіцыят Кангрэгацыі айцоў марыянаў. “Я ўжо з Друі быў сведамым. Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі, усё гэта я перажываў. Таму ня трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасць” – пісаў Чарняўскі пазней. У звязку з высяленнем польскай паліцыяй шасці айцоў марыянаў з кляштара ў Друі правёў год навіцыяту ў мястэчку Скужэц Сядлецкага павету Люблінскага ваяводства. Пасля паступіў у віленскую семінарыю святога Восіпа, якую скончыў у 1945 годзе.
У кастрычніку 1944 года Чарняўскі быў высвечаны на капланства літоўскім біскупам Мечыславам Райнісам. Першае набажэнства адслужыў у Крэве па-беларуску. Пасля паехаў у Вільню і нейкі час працаваў у касцёле Святога Ігната. Пасля арышту Адама Станкевіча разглядаўся як кандыдат на яго месца, але прызначэнне не адбылося. Пазней Чарняўскі служыў у парафіях на ўсходзе Літоўскай ССР, у тым ліку ў Варэне і Эйшышках. Пасля пераведзены ў Войстам на Смаргоншчыне, служыў у касцёле Святой Тройцы. А ў кастрычніку 1953 года стаў пробашчам касцёлу Панны Марыі ў Вішневе на Валожыншчыне. Там правёў амаль усе гады сваёй душпастырскай дзейнасці. Ажно да канца 1980-ых гадоў карыстаўся ў духовай працы выключна беларускай мовай. Праводзіў беларускамоўныя імшы нават да ІІ Ватыканскага сабору, які афіцыйна дазволіў карыстацца ў касцёле нацыянальнымі мовамі.


У 1966 годзе атрымаў ліст ад Папы Паўла VI з прапановай пасады адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Але на гэта не пагадзілася савецкае кіраўніцтва.У 1967 годзе запрошаны Кангрэгацыяй Абрадаў і наведаў Ватыкан, дзе сустракаўся з Паўлам VI. Папа даручыў яму заняцца перакладам Бібліі на беларускую мову. Чарняўскі пераклаў на беларускую мову сем кніг літургічных тэкстаў. Пераклады былі высланы на зацверджанне ў Ватыкан і праз некаторы час святар атрымаў запрашэнне зноў наведаць апостальскую сталіцу. Але на гэты раз савецкія спецслужбы не далі Чарняўскаму дазволу на выезд.

Прапановы ж Уладзіслава Чарняўскага больш шырокіх уводзінаў беларускай мовы ў касцёле не знаходзіла падтрымкі сярод іншых святароў. Фактычна ксёндз Уладзіслаў быў рупліўцам-адзіночкам. Затое стаў сапраўдным маральным аўтарытэтам сярод беларускай інтэлігенцыі. На беларускамоўныя службы ў Вішнева, і проста па маральную падтрымку і парады прыязджалі шматлікія беларускія грамадска-палітычныя дзеячы. Многіх вядомых асоб ён хрысціў. Айцец Уладзіслаў вёў перапіску з беларускімі святарамі Францішкам Чарняўскім і Чаславам Сіповічам. Камітэтам Ушанавання Чарняўскі быў узнагароджаны ордэнам “Гонар Айчыны”, а таксама запісаны ў Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”. Святар дачакаўся выдання свайго перакладу Новага запавету на беларускую мову.

Уладзіслава Чарняўскага двойчы запрашаў Папа Ян Павал ІІ ў Ватыкан, але Чарняўскі адмовіўся ад паездкі. Сваю адмову тлумачыў так: “Хай Папа ў Беларусь прыедзе. Хай пабачыць, якія мы занядбаныя, якія мы самотныя ў сваім змаганні…”.
Пахаваны ў мясцовасці Вішнева (Валожынскі раён). На магіле каля мясцовага касцёлу пастаўлены помнік. У Вішневе створаны музей.



Беларускае Радыё Рацыя
