20-я гадавіна трагедыі на Нямізе



Сёння 20-я гадавіна трагедыі на Нямізе. Размаўляем з Палінай Сцепаненкай (Качатковай) – адной з аўтарак кнігі “Трагедыя на Нямізе”.

Паліна Сцепаненка: Дакладней будзе сказаць – адная з аўтарак. Бо над кнігай працавала некалькі чалавек – гэта я, Таццяна Равяка, Таццяна Снітко і пісьменнік Кастусь Тарасаў.

РР: Як паўстала ідэя стварэння кнігі?

Паліна Сцепаненка: Калі адбылася трагедыя, увесь Менск пагрузіўся ў жалобу. Гэтая трагедыя паўплывала на ўсіх. І было вельмі шмат розных чутак. Адная з іх, што колькасць ахвяраў заніжаная. Гэта было звязана з тым, што грамадства не верыла дзяржаве. Гэта была спадчына СССР, калі хавалі колькасць людзей, якія гінулі падчас трагедый.

Тады ўтварылася грамадская камісія па даследаванні прычын трагедыі. І ПЦ „Вясна” падключыўся да гэтай працы. Мы апытвалі сведкаў. І неўзабаве да нас звярнуўся Міхась Інькоў, гэта вядомы скульптар, аўтар скульптуры Ларысы Геніюш. У яго загінула дачка Марыя на Нямізе. Ён звярнуўся ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Таму што было шмат пытанняў на той момант. І мы сталі тады супрацоўнічаць з бацькамі, хадзіць на могілкі, дапамагаць ім шукаць сведкаў трагедыі. У гэты час нам бацькі загінуўшых дзяцей, і не толькі дзяцей, бо там загінулі і дарослыя людзі таксама, вельмі шмат чаго распавядалі. І пра сваіх загіблых сваякоў, і пра тое, што адбылося. І ў нас у выніку на руках атрымаўся вялікі матэрыял, які не мог ні ў вынікі працы камісіі трапіць, нікуды. І гэта было цэлае жыццё, і цэлы пласт інфармацыі ад людзей, якія абвяргалі шмат якія міфы. І мы пачалі думаць пра тое, што трэба зрабіць кнігу. І тут задача была яшчэ вельмі складаная. Пэўная частка сваякоў і сведкаў была вельмі актыўная. Але кніга была бы не поўная, калі б не запісалі аповеды пра ўсіх загінуўшых – 53 чалавекі. Вось такую задачу мы паставілі – сабраць матэрыялы пра ўсіх 53-х чалавек, якія там загінулі, а таксама запісаць сведчанні людзей, якія былі ў цісканіне ў пераходзе і выжылі. І мы гэта зрабілі. І ўжо на першую гадавіну трагедыі мы прэзентавалі кнігу, большую частку якіх мы аддалі бацькам загіблых дзяцей, якія на той час аб’ядналіся ў арганізацыю “Цэнтр сацыяльнай абароны Няміга-99”. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Музеі Максіма Багдановіча, непадалёку ад месца трагедыі.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Гутарыла Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя