20 жніўня ў Пінску пройдзе другі Народны сход



Сёння, 20 жніўня, увечары ў Пінску на цэнтральнай плошчы пройдзе другі Народны сход. Патрабаванні пінчукоў да мясцовых уладаў застаюцца нязменнымі: новыя, сумленныя выбары, вызваленне ўсіх вязняў, прыцягненне да адказнасці сілавікоў, якія катавалі грамадзян і асобаў, якія датычныя да фальсіфікацый.

На думку былога дэпутата Пінскага гарадскога Савета Мікалая Міхалевіча, – неабходна прымусіць прыйсці на плошчу мясцовае кіраўніцтва:

– Любым спосабам выцягваць іх сюды. Не хочуць – значыць, яны не нашы кіраўнікі. Ім не месца там. Пайсці туды і папярэдзіць, калі вы не прыйдзеце на плошчу, заўтра мы выведзем людзей да вас, вы зноў паставіце кардоны і невядома якія будуць наступствы. І яны саступяць.

Акрамя Народнага сходу прыхільнікаў перамен 20 жніўня ў Пінску плануецца правядзенне мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведная інфармацыя з’явілася ўчора пад вечар і дакладна не вядома, на якой пляцоўцы і ў якую гадзіну пройдзе праўладнае мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя