2018 год праходзіў пад знакам абароны Курапатаў



Адной з праблемаў, якая завязалася ў Беларусі ў вузел у 2018 годзе – сітуацыя вакол Курапатаў – мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.

З аднаго боку, дзяржава нарэшце праз 30 гадоў, як аб масавых пахаваннях у гэтым месцы стала вядома грамадскасці, паставіла тут помнік. З другога – у непасрэднай блізкасці, у былой ахоўнай зоне – адчынены забаўляльна-рэстаранны комплекс „Поедем поедим” (былы „Бульбаш-холл”). І гэта, па словах сустрашыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, – недапушчальна.

– Курапаты – гэта пачатак беларускага нацыянальнага руху. Курапацкі Крыж – гэта сістэма каардынатаў. У Курапатах сёння адкрылі ганебную рэстарацыю. У Курапатах праводзяць дзяржаўнае “упарадкванне”, і, канешне, у гэты час задача свядомых беларусаў быць там, каб не дапусціць разбурэнне мемарыялу і дамагчыся закрыцця рэстарацыі “Поедим поедим”. Я думаю, тых, хто адчувае гісторыю, тых, хто адчувае сэрцам сваю краіну, Курапаты паклікалі.

Любоў Сакалоўская: Мы абаранялі Курапаты з пачатку гэтага стагоддзя. Ну і сэрца баліць пра Курапаты. На жаль, гэты рэжым зрабіў ўсё, каб забыць пра Курапаты. Што там было і як было. Але мы ёсць, мы помнім. Я думаю, будзем помніць заўжды. Перададзім нашым дзецям, унукам. Курапаты – гэта наша боль. Таму я тут. Хвалююся за ўсё. За Бульбашхол таксама. Калі магу – прыходжу.  

Зміцер Дашкевіч: Прапітваем крыжы. Трэба добра іх апрацаваць. Мы замянілі ўсе крыжы ад кальцавой да заслаўскай дарогі. Некаторыя крыжы спарахнелі, ужо валіліся, старэнькія, багата ім гадоў было. 24 крыжы тут. Паціху апрацоўваем іх. Трэба, каб яны найдаўжэй пратрымаліся.

Я вот часам разважаю: шмат тут было людзей, ці не шмат. Калі ўзяць 2001 год.  Тысячы людзе тут абаранялі Курапаты? Не. Прыйшлі адзінкі. Затым далучыліся дзясяткі, ці сотні на розных этапах. У 2017 год прыйшло 6 маладафронтаўцаў. І стала касцьмі. Праз некалькі дзён далучылася грамадства. Магчыма, недзе 500 чалавек паўдзельнічала. Мала гэта, ці багата? Гісторыя адкажа. Канешне, ва Украіне калі б, не дай бог, такое адбылося – увесь Кіеў стаяў бы. У Польшчы – уся Варшава стаяла б каля такога месца. У нас жа вымяраецца сотнямі людзей. Канешне, нават у такой сітуацыі грамадскае меркаванне ўсё роўна на баку людзей, якія абараняюць. Многія вядомыя публіцысты, вядомыя людзі, бізнесмены падтрымоўваюць абаронцаў.

Цалкам матэрыял:

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя