21 кастрычніка – дзень нараджэння першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтэка
Сёння – дзень нараджэння першага беларускага кардынала. У Пінску ўжо стала традыцыяй 21 кастрычніка ўшаноўваць памяць Казіміра Свёнтэка. За яго ў пінскім касцёле моляцца не толькі каталікі, прыходзяць усе неабыякавыя пінчукі, якія ўдзячныя ўнёску іерарха ў адраджэнне хрысціянскага жыцця на Палессі і захаванне гістарычнага аблічча Пінска.
Мясцовы краязнаўца адзначае, што кардынал прыклаў шмат высілкаў, каб захаваць гісторыка-архітэктурную спадчыну горада над Пінай:
-Вельмі таленавіты чалавек. Бог даў яму такое вялікае жыццё, якое змясціла і смяротныя прысуды, і 10 гадоў ГУЛАГу, і такую вялікую працу, якая дазволіла і касцёл наш цудоўны, катэдру нашу, захаваць, і аднавіць былы кляштар францішканцаў з семінарыяй і адміністрацыяй дыяцэзіі пінскай.
Свёнтэк з семінарскіх часоў звязаў свае жыццё з Пінскам. Нават калі займаў высокія пасады – рэзідэнцыяй была сталіца Палесся. Ёй ён прысвяціў серыю здымкаў і нават дакументальную стужку ўласна створаную ў 1968 годзе. Тут жа і знайшоў адвечны спачын. У самым гістарычным цэнтры горада адная з вуліц цяпер носіць імя кардынала.
Беларускае Радыё Рацыя