2160 рублёў штрафу за надпіс на аўтобусным прыпынку ў Паставах



2160 беларускіх рублей штрафу за надпіс на прыпынку. Суддзя Пастаўскага суда Наталля Жукава 7 снежня пакарала штрафам памерам 80 базавых велічыняў Аляксея Казлоўскага.

Судовы працэс над хлопцам доўжыўся два дні па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Яго судзілі за надпіс 3% і намаляваны бел-чырвона-белы сцяг на грамадскім прыпынку і дарозе.

Паводле Аляксея Казлоўскага, ён не чакаў, што за яго ўчынак завядуць крымінальную справу. Вось як ён каментуе свой прысуд:

– Я наогул нічога не чакаў. Але гэта лягчэй, чым суткі. Я і не ведаю, што тут казаць.

На суд да Аляксея ў знак салідарнасці гэтым разам таксама прыйшлі неабыякавыя пастаўчане. У залі суда іх рассаджвалі па лаўках міліцыянты з улікам  1.5 метровай адлегласці. Адну жанчыну выдалілі з залы, бо ў яе на першым судовым пасяджэнні па справе Аляксея Казлоўскага зазваніў тэлефон, і суддзя яе тады выдаліла з памяшкання.

Як кажа адна з прысутных жанчын, яны таксама не чакалі, што на хлопца завядуць крымінальную справу, але яе ўсё ж такі распачалі, па тэлефанаванні з Віцебска.

– Загадалі завесці крымінальную справу па званку з Віцебску. І потым атрымалася, што адсядзеў яшчэ трое сутак арышту.

РР: А як вы лічыце, прысуд 80 базавых – гэта нармальна?

– Гэта жахліва. Канешне, у параўнанні з месяцам арышту, гэта значна лягчэй. Збяром, дапаможам. Таму што месяц арышту за такое правапарушэнне – гэта наогул смешна. Гэта маразм. Гэта ненармальна. Як муж гаворыць, поўны прававы дэфолт у краіне.

Шкоду, якую нанёс Аляксей Казлоўскі дзяржаве, пастаўская жыллёва-камунальная гаспадарка ацаніла ў 25 рублёў 52 капейкі. Абвінавачаны яе  пагасіў загадзя, але супраць хлопца ўсё адно завялі  крымінальную справу.

Пракурор прасіў пакараць падсуднага адным месяцам арышту і спыніць вытворчасць у сувязі з добраахвотным пакрыццём выдаткаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя