22 чэрвеня дакументы на візы прымацца не будуць



У сувязі з правядзеннем арганізацыйна-тэхнічных працаў па ўвядзенні сістэмы візавай інфармацыі, 22 чэрвеня не будзе ажыццяўляцца прыём дакументаў на атрыманне візаў у Генеральных консульствах Рэспублікі Польшча ў Гародні, Берасці і Менску.

suscynski_konsul

Новыя правілы, якія пачынаюць дзейнічаць з 23-га чэрвеня, прадугледжваюць здачу біяметрычных дадзеных (адбіткаў усіх пальцаў) для жадаючых атрымаць візы. Новаўводзіны, паводле Генеральнага консула ў Гародні Анджэя Хадкевіча, для некаторых катэгорый грамадзян ускладняць працэдуру:

– Трэба будзе ў Консульства прыйсці асабіста. Нават тым групам грамадзян, якія да гэтага часу замаўлялі сабе візы праз турыстычныя бюро ці школы, зараз трэба будзе прыйсці да нас і зрабіць адбіткі пальцаў.

Біяметрычныя дадзеныя будуць захоўвацца ў сістэме візавай інфармацыі 59 месяцаў, пасля чаго іх трэба будзе здаваць паўторна. Вызваляюцца ад працэдуры здачы біяметрычных дадзеных дзеці да 12-ці гадоў, асобы якія ня ў стане здаць адбіткі пальцаў, кіраўнікі краін і ўрадаў, а таксама чальцы афіцыйных дэлегацый, манархі ды іх блізкія суродзічы, якія маюць намер  па афіцыйных запрашэннях наведаць краіны зоны Шэнген.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня