231 чалавек з ліку затрыманых у нядзелю сталі падазраванымі па крымінальнай справе



Як стала вядома TUT.BY, следчыя Першамайскага раёну Менска распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Многія з тых, хто быў затрыманы ўчора, цяпер падазраваныя па гэтым артыкуле.

Пасля затрыманняў падчас нядзельнага маршу стала з’яўляцца інфармацыя, што разам з абвінавачваннем паводле ўжо звыклага артыкула 23.34 КаАП, людзей таксама прызнаюць падазраванымі паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). І гаворка ідзе не аб адзінкавых выпадках, па непацверджанай інфармацыі, толькі ўчора некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі такі статус. Сёння гэтая лічба можа павялічыцца.

Як атрымалася даведацца TUT.BY, затрыманых падчас нядзельнага маршу дастаўлялі ў Першамайскае, Фрунзенскае РУУС, далей паведамлялі пра арт. 342 КК і пасля допыту адпраўлялі ў Жодзіна або на Акрэсціна. Але такая схема, кажуць, працавала і ў іншых аддзяленнях міліцыі.

— Мужа па адміністрацыйнай справе затрымалі ў нядзелю ў раёне вуліцы Сядых, але следчы ў РУУС дапытваў ужо па крымінальнай справе, — распавядае TUT.BY мінчанка Марына. — Зараз муж падазраваны па арт. 342 КК, яго павезлі ў Жодзіна. Следчы сказаў адвакату, што многія затрыманыя праходзяць падазраванымі па крымінальнай справе.

Адзін са сталічных адвакатаў пацвярджае: пасля ўчорашняй акцыі ягоны кліент таксама стаў падазраваным паводле арт. 342 КК, яго павезлі ў Жодзіна. У іншага абаронцы двое затрыманых праходзяць па крымінальнай справе. Каментуючы інфармацыю аб некалькіх дзясятках падазраваных, адвакат адзначае, што гэта «цалкам магчыма».

— Цяпер у юрыдычныя кансультацыі паступаюць масавыя заяўкі на ўдзел адваката ў справах паводле арт. 342 КК, — адзначае абаронца. — Тое, што было ўчора, нейкае ноу-хау, таму што папярэднія нядзельныя маршы нічым не адрозніваліся ад гэтага. Першамайскі РАСК Менска распачаў крымінальную справу ў дачыненні да неўстаноўленай асобы, я так разумею, затрыманых будуць прызнаваць падазраванымі.

Чаму справу завялі следчыя Першамайскага раёна, тлумачыцца тым, што марш 1 лістапада праходзіў у асноўным на тэрыторыі менавіта гэтага раёна. Далей узнікае пытанне: пасля суда па адміністрацыйнай справе адпусцяць ці гэтых людзей дадому або яны застануцца за кратамі. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад штрафу да трох гадоў пазбаўлення волі.

Па паведамленні Белсата, падазраванымі па крымінальнай справе таксама сталі журналісты Дзмітрый Буянаў, Дзмітрый Краўчук і Арцём Багаслаўскі.

Атрымаць аператыўны каментар у СК нам не ўдалося.

UPD. Як паведаміў Следчы камітэт, падазраванымі па згаданым крымінальным артыкуле агулам праходзіць 231 чалавек.

novychas.by