24 гады таму не стала Алеся Адамовіча
Cпоўнілася 24 гады, як з намі не стала Алеся Адамовіча – чалавека, пісьменніка, кінасцэнарыста, вучонага і – грамадзяніна, што ўпершыню сказаў планеце праўду пра Чарнобыль. Віталь Сямашка сустрэўся з дачкой пісьменніка – Наталляй Адамовіч. Яна 20 год займаецца збіраннем архіваў таты, выданнем кніг, стварэннем выстаў. Ды Юрыем Цыбіным – паэтам, прадусарам, выдаўцом больш за 250 кніг, СD-DVD-дыскаў беларускіх аўтараў ды выканаўцаў. А таксама кнігі Алеся Адамовіча “Имя сей звезде Чернобыль…» Сёння можна сказаць і пра тое, што фінансавую падтрымку ў яе выданні аказаў Анатоль Чубайс.
Наталля Адамовіч
Юрый Цыбін
Заўжды лічыў больш мацнейшым за нашумелае на планеце кіно “Спісак Шындлера” Стывена Спілберга, што ўзяло “Оскары” – нашае, на беларускай глебе зробленае пра жахі другой сусветнай “Ідзі і глядзі” Элема Клімава. Па ідэі і сцэнарыю Вялікага Беларуса – Алеся Адамовіча. Пра якога яго сябар і паплечнік Васіль Быкаў, чый кінатыдзень таксама адзначаем зараз у Менску, сказаў – “Алесь Адамовіч увасабляе ў сабе генафонд нашай гаротнай і ўзвышанай нацыі”.
Дарэчы, у Калодзішчах, пад Менскам, з’явілася на гады раней, чым на яго малой Радзіме ў вёсцы Конюхі, што на Капыльшчыне, вуліца Алеся Адамовіча. Пасялковы савет падтрымаў прапанову прадпрымальнікаў, што на агульным ходзе ўладальнікаў пабудаваных там катэджаў, бадай, аднагалосна прынялі рашэнне пад чыім імем жыць – самым і нашчадкам. Дагэтуль у пасёлку ўжо існавалі вуліцы Уладзіміра Караткевіча, Янкі Купалы, Максіма Танка, Пятра Машэрава, Пятруся Броўкі.
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара