Андрэй Мялешка працягвае змаганне



Гарадзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка працягвае змагацца за сваё права на распаўсюд інфармацыі. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў падаў касацыйную скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна ў Гарадзенскі абласны суд. 24-га ліпеня калегія суддзяў павінна яе разгледзець.

 –  Гэта ў мяне будзе касацыя, якую я падаў у абласны суд. Яны цэлы месяц думалі пра тое, калі яе прызначыць мне. І вось толькі даслалі паперу, у якой напісана, што яўка не ёсць абавязковая, бо гэта проста касацыя. Далей будзем абскарджваць рашэнне абласнога суда. Гэта наступны этап. Пойдзем на той суд з прадстаўнікамі “Вясны” і адвакатам. Спадзяванняў на тое, што мне дадуць акрэдытацыю, мала, але спрабаваць трэба. Як кажуць, вада камень точыць. Я буду змагацца да канца, дойдзем да Камітэта па правах чалавека ААН.

16 чэрвеня намеснік старшыні суда Кастрычніцкага раёна Гародні Дзмітры Кедаль пасля некалькіх пераносаў разгляду адміністрацыйнай справы прызнаў журналіста Андрэя Мялешку вінаватым у парушэнні артыкула 22.9 КаАП за матэрыял, які быў размешчаны на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Журналіст-фрылансер быў пакараны штрафам у памеры 4,5 мільёна рублёў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя