25 базавых штрафу за прапанову каранаваць Лукашэнку



Суд Маскоўскага раёну Менска прызнаў актывіста грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» і сябра Партыі БНФ Мікалая Лусто вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце і пакараў штрафам у 25 базавых велічынь.

420AF07F-A8EA-42D4-800C-1B854C021335_mw1024_s_n

Прысуд агучыла суддзя Тацяна Матыль.

Лусто прызнаў віну часткова. Актывіст не адмаўляў, што выйшаў на адзіночны пікет, але кажа, што кіраваўся Канстытуцыяй, якая гарантуе свабоду выказвання меркаванняў і права на мірныя сходы.

Суд улічыў, што ў Мікалая Лусто абодва бацькі інваліды. Ягоны бацька трапіў у шпіталь, маці засталася адна, і яна з цяжкасцю перасоўваецца па кватэры. Суд даў магчымасць сябрам Лусто, якія прысутнічалі на працэсе, з’ездзіць да ягоных бацькоў і прывезці ў суд дакументы, якія пацвярджаюць інваліднасць.

24 ліпеня ў Менску каля будынку Цэнтравыбаркаму быў затрыманы актывіст грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» Мікалай Лусто, які праводзіў адзіночны пікет. У руках актывіст трымаў плакат «Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не — выбарам!», акцыя працягвалася меней за хвіліну. Да Мікалая Лусто адразу падышоў ахоўнік і адвёў актывіста ў будынак ЦВК.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Алега Корбана