25 гадоў таму ў Гародні прайшлі першыя страйкі рабочых
Актывісты працоўнага руху Гарадзеншчыны адзначаюць 25-годдзе масавых акцыяў пратэсту на прамысловых прадпрыемствах рэгіёна.
Аднымі з першых у 1991 годзе выйшлі на вуліцы работнікі гарадзенскага завода «Аўтамабільных агрэгатаў». Несанкцыянаваныя мітынгі працоўных гэтага прадпрыемства сталі прадвесцем правядзення агульнарэспубліканскіх страйкаў, і, у выніку, пачаткам стварэння страйкавых камітэтаў і незалежных прафсаюзаў.
Як лічыць колішні старшыня прафсаюзнага камітэта Гарадзенскага завода аўтамабільных агрэгатаў Анатоль Хацько, падзеі тых часоў паказалі, што людзі працы маюць уласную годнасць, якую гатовыя адстойваць на масавых акцыях пратэсту:
— Выйшлі, перакрылі рух, адчынілі прахадную і бралі на сябе ініцыятыву высокакваліфікаваныя рабочыя: людзі, якіх ведалі на прадпрыемстве і якія мелі аўтарытэт. Акрамя нашых эканамічных патрабаванняў адразу паставілі першым пытанне суверэнітэту Беларусі. Мы першымі ў Беларусі адправілі парткамы за тэрыторыю прадпрыемства: я сваёй прафсаюзнай пячаткай апячатаў парткам.
Апошнія акцыі пратэсту на гарадзенскіх прадпрыемствах адбыліся на пачатку двухтысячных гадоў. Пасля іх правядзення шэраг актывістаў незалежных прафсаюзаў страцілі працу і трапілі пад пільны нагляд супрацоўнікаў КДБ.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня