25 гадоў за забойства былой жонкі



У Гомельскім абласным судзе 28 сакавіка да 25 гадоў пазбаўлення волі быў прыгавораны 36-гадовы Мікалай Салахутдзінаў, які абвінавачваўся ў забойстве з асаблівай жорсткасцю былой жонкі (арт. 139 КК) і пагрозе ёй жа забойствам (арт. 186 КК).

23 кастрычніка 2016 года мужчына на вачах дваіх непаўналетніх дзяцей жорстка збіў дубінкай былую жонку і выкінуў яе з акна сёмага паверха.

За месяц да трагедыі абвінавачваны скасаваў шлюб і ажаніўся з іншай жанчынай, якую прывёў у дом. Усе разам жылі ў адной кватэры. У доме ўзнікалі канфлікты, бо абвінавачваны жыў з новай жонкай на вачах дзяцей — дзяўчынак, ладзіў оргіі, і былой жонцы гэта не магло падабацца. У вечар забойства яна выклікала міліцыю, бо былы муж са сваёй пасіяй наладзілі чарговую оргію і перашкаджалі дзецям.

Абвінавачваны раззлаваўся, збіў былую жонку на вачах дзяцей і выкінуў у акно.

„Я раней прасіў прабачэння ў лістах і цяпер прашу. Мне шчыра шкада, таму прашу паблажкі і разважнасці”, — звярнуўся абвінавачваны да суда ў апошнім слове.

belapan.by