25-гадовы берасцеец да смерці збіў бацьку бітай
Упраўленнем Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці пачатая справа на падставе ч. 1 арт. 139 КК (забойства) у дачыненні да 25-гадовага берасцейца.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова, мужчына падазраецца ў тым, што 28 снежня прыкладна ў 4.00 у кватэры па месцы жыхарства ў Берасце нанёс удары драўлянай бейсбольнай бітай ў вобласць галавы свайму 55-гадоваму бацьку.
Пра здарэнне сын паведаміў у хуткую дапамогу і праваахоўныя органы. Бацька ад атрыманых цялесных пашкоджанняў праз некалькі гадзін памёр у бальніцы.
Малады чалавек затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Згодна з вынікамі агляду, пароў этылавага спірту ў выдыханым ім паветры не выяўлена.
У межах крымінальнай справы дапытаныя сваякі і суседзі пацярпелага, праведзеная праверка паказанняў на месцы з удзелам падследнага, прызначаны комплекс судовых экспертыз. Паводле слоў 25-гадовага мужчыны, прычынай яго супрацьпраўных дзеянняў былі асабістыя непрыязныя адносіны з бацькам.
Следчыя будуць хадайнічаць перад пракурорам аб прымяненні ў дачыненні да падазронага меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Бацька і сын нідзе не працавалі, судзімасці не мелі.