2,5 гады за сарваную балаклаву з твара сілавіка



Суддзя Савецкага раёна Менска Сяргей Шаціла 7 снежня прыгаварыў 51-гадовую грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за тое, што яна сарвала балаклаву з твара сілавіка.

Хершэ прызналі вінаватай паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў, максімальнае пакаранне — да пяці гадоў пазбаўлення волі).

Яе абавязалі таксама выплаціць маральную кампенсацыю пацярпеламу ў памеры 1 000 рублёў.

Пасля абвяшчэння прыгавора ў зале раздаліся крыкі „Ганьба!”. Калі Наталлю Хершэ выводзілі з залы, людзі скандавалі „Жыве Беларусь!”, „Наташа, ты наш герой!”.

Брат Хершэ заявіў, што прыгавор будзе абскарджаны. Ён таксама выказаў надзею, што пасольства Швейцарыі не пакіне сваю грамадзянку без падтрымкі.

У Менск Хершэ прыехала 11 верасня, а 19 верасня ўдзельнічала ў жаночым маршы каля Камароўскага рынку. Яе затрымалі і склалі пратакол паводле арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве), а затым прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 363 КК. Падчас затрымання Хершэ паспрабавала зняць балаклаву з твара сілавіка. Жанчына віну не прызнала. Судовы працэс пачаўся 3 снежня.

Хершэ прыйшла на абвяшчэнне прыгавора, як і раней на кожнае судовае пасяджэнне, у адзенні бела-чырвона-белых колераў. На сённяшнім судовым пасяджэнні і абвяшчэнні прыгавора прысутнічаў пасол Швейцарыі Клод Альтэрмат.

Пацярпелы — 22-гадовы супрацоўнік сілавых структур, які назваўся ў судзе Кончыкам — прыйшоў на абвяшчэнне прыгавора ў нізка нацягнутай на лоб кепцы з выявай дзяржаўнага сцяга і ў масцы. У якасці кампенсацыі маральнай шкоды ён запатрабаваў 1 000 рублёў, якія абяцаў на адным з пасяджэнняў ахвяраваць у РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі.

Дзяржабвінаваўца прасіў суд пакараць Хершэ пазбаўленнем волі на два гады і шэсць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Адвакат настойвала, што Хершэ не супраціўлялася міліцыі і гвалт не прымяняла.

У апошнім слове Хершэ заявіла, што хоча бачыць Беларусь падобнай на Швейцарыю: „Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне, дзе прынцыпы свабоды з’яўляюцца неабходнай умовай праўлення на ўсіх узроўнях улады, дзе правы свабоды слова і мірных сходаў дакладна вызначаны Канстытуцыяй і гарантуюцца дзяржавай, дзе паліцэйскія не хаваюць свае твары ад мірных дэманстрантаў. Менавіта такой я бачу маю радзіму — Беларусь будучыні, свабодную Беларусь”.

У канцы кастрычніка швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco выступіла з заявай з нагоды затрымання Хершэ. „Трэба меркаваць, што Наталля Хершэ, як і ўсе астатнія палітвязні, не ўбачыць справядлівага суда. Мы лічым яе затрыманне адвольным і палітычна матываваным. На наш погляд, вельмі важна, каб яна атрымала консульскую абарону з боку Швейцарыі”, — адзначыў прэзідэнт „Libereco — партнёрства за правы чалавека” Ларс Бюнгер.

Дэпутат Нацыянальнага савета Швейцарыі з кантона Санкт-Гален, у якім жыве Наталля Хершэ, Барбара Гісі раней заяўляла, што Хершэ „была зусім нечакана і адвольна вырвана з яе жыцця ў Швейцарыі, калі на некалькі дзён захацела наведаць радзіму — Беларусь”. „Яна не ўчыніла ніякага злачынства, а проста мірна патрабавала спынення дыктатуры, як гэта робяць сотні тысяч людзей у апошнія тыдні”, — адзначыла дэпутат.

belapan.by