2,5 года «хіміі» за сарваную маску з міліцыянта
2,5 года «хатняй хіміі» прысудзілі жыхарцы Жодзіна за сарваную з твару супрацоўніка міліцыі маску.
Справу разглядаў суддзя Іван Грынкевіч. Дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Дзмітрый Ярашэвіч.
У судзе Жодзіна вынесены прысуд Анастасіі Герыловіч, якая сарвала маску з супрацоўніка міліцыі і тым самым «здзейсніла гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
У верасні мінулага года па інтэрнэце разляцелася відэа з Жодзіна, на якім міліцыянт Мікалай Бараноўскі б’е жанчыну па твары з такой сілай, што яна падае на зямлю. Да міліцыянта адразу ж падбеглі абураныя жодзінцы, адна з іх — Анастасія Герыловіч сарвала з яго маску.
На допыце жанчына распавяла, што ў той самы дзень яна гуляла ў горадзе, убачыла вялікую колькасць людзей, а потым тое, што міліцыянт моцна ўдарыў жанчыну ў твар, і тая ўпала. Гэта яе вельмі ўсхвалявала і, знаходзячыся ў моцным эмацыйным узрушэнні, яна падбегла і вырашыла сарваць маску, каб бачыць, хто гэта. Яна не хацела, каб пасля такога ўчынку міліцыянт застаўся неапазнаным.
Дзяржабвінаваўца запрасіў учора для Герыловіч пяць год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.