250-годдзе спадчыны Агінскіх
У дзень Св. Ганны, 23 ліпеня, касцёл у Лучаі на Пастаўшчыне адзначае дзень заснавання. Сёлета яму споўнілася 250 год.
Пробашч касцёла Св. Тадэвуша ксёндз Мікалай Ліпскі ладзіць фэсты з беларускімі фольк- і рок-камандамі, мастакамі, паэтамі ўжо шосты год. Як зазначаюць сталыя наведвальнікі, кожны фэст дадае новых гасцей – ад Гарадзеншчыны да Меншчыны.
Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі ўхваляе лучайскую традыцыю. «Я сам належу да манаскай супольнасці, якую заснаваў Св. Ян Боска, – да ордэна салезіянцаў. Як вядома, Ян Боска прысвяціў сваё жыццё выхаванню моладзі, ён асабліва любіў прыдумляць розныя святы, фэсты дзеля таго, каб маладога чалавека навучыць добра бавіць свой час».
– Ён казаў: рабіце ўсё, толькі не грашыце. Калі мы ўмеем ствараць з парафіі сям’ю, якая збіраецца на малітве, на Эўхарыстыі, а таксама сям’ю, якая пасля можа раздзяляць такі сямейны момант, як канцэрты, фэсты, размовы між сабой, то гэта ўсё служыць для супольнага абагачэння, а таксама для аб’яднання людзей. Гэта вельмі добрая ініцыятыва.
На свята прыехаў – вяртаючыся з «Басовішча» – Лявон Вольскі. Разам з саксафаністам Паўлам Аракелянам – так бы мовіць у скарочаным варыянце праекта «Крамбамбуля» –публіцы былі прадстаўлены добра вядомыя песні на тэму заходнебеларускага мястэчка. Што вельмі пасавала па настроі, як заўважыў Вольскі, ягонаму падарожжу з Беласточчыны на Пастаўшчыну.
– З кожным годам тут усё болей людзей, што нават няма дзе запаркавацца. Публіка вельмі цёплая, па-добраму правінцыйная. Напрыклад, калі я на апошнім канцэрце запрашаў дзяўчат спяваць мне падпеўкі, то было досыць цяжкавата. А тут яны з першага разу ўключыліся ў тэму. Мы праехаліся ад Бераставіцы да гэтага месца – паўсюль было заходнебеларускае мястэчка. Гэта цікавы досвед.
Каменны двухвежавы езуіцкі касцёл у Лучаі заснаваны ў 1766 годзе. Канчаткова ён быў пабудаваны ў 1776 годзе пры Тадэвушы Агінскім па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані. Храм уяўляе сабой традыцыйную для езуіцкага храма крыжовую базыліку са «схаваным» купалам (звонку купал цалкам схаваны пад двухсхільным дахам). У 1811 годзе ў касцёле быў усталяваны арган, які дзейнічае і зараз. Унутры касцёла захаваліся фрагменты арыгінальнага роспісу мастака Казіміра Анташэўскага. Гэты ж мастак выканаў роспіс касцёла ў Будславе і Кафедральнага касцёла ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя, Лучаі