26 красавіка – Дзень памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы
Сама буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа адбылася 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое, што станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку аварыі, асела на тэрыторыі Беларусі.
Ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела каля 2 мільнаў жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на доўгі час стала зонай экалагічнага бедства. У зоне радыёактыўнага забруджвання знаходзіцца 2 371 населены пункт. Колькасць насельніцтва, якое пражывае ў забруджанай зоне, складае каля 1,1 мільёна чалавек (12% усяго насельніцтва краіны).
Улады Беларусі перыядычна заяўляюць пра намер адрадзіць пацярпелыя землі, зрабіць іх прыдатнымі для пражывання і вырошчвання прадуктаў харчавання. Супраць гаспадарчага асваення і засялення забруджаных тэрыторый выступаюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі і эколагі. Яны таксама патрабуюць ад уладаў спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС каля Астраўца, раскрыць праўдзівую інфармацыю пра наступствы аварыі на ЧАЭС у Беларусі, забяспечыць сістэмны і даступны грамадзянам радыёлагічны кантроль.
26 ліпеня 1989 года ў Менску прайшоў масавы мітынг з патрабаваннем стварэння следчай камісіі ў справе ўтойвання інфармацыі пра Чарнобыль. 30 верасня 1989 года ў Менску ўпершыню прайшоў “Чарнобыльскі шлях” – 30-тысячнае шэсце ад гадзіннікавага заводу да плошчы Леніна (цяпер – плошчы Незалежнасці).
30 гадоў таму – 5 красавіка 1990 года першы і адзіна больш менш дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь абвесціў 26 красавіка Днём Чарнобыльскай трагедыі.
Найбольш масавы “Чарнобыльскі шлях” – традыцыйная акцыя дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці – адбыўся 26 красавіка 1996 года. Тады на вуліцы Менску выйшла каля 50 тысяч людзей. У той дзень адбыліся жорсткія сутычкі дэманстрантаў з міліцыяй і спецназам. Шмат людзей было паранена, арыштавана больш за 200 чалавек, сярод іх – 7 украінцаў. 14 траўня таго ж года ў Менску прайшла 5-тысячная дэманстрацыя супраць трымання пад арыштам удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”.
Сёлета ў звязку з пандэміяй каронавірусу і пагрозай заражэння людзей дэмакратычная супольнасць пастанавіла не праводзіць у сталіцы Беларусі традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”.
Беларускае Радыё Рацыя