27 чэрвеня – Дзень рыбака



27-га чэрвеня ва ўсім свеце адзначаюць Дзень рыбака. Пра тое, якую рыбу можна злавіць сёлета на Свіслачы, у самым цэнтры беларускай сталіцы нашаму карэспандэнту расказаў рыбалоў-аматар са стажам спадар Уладзімір.

– Самая вялікая рыба, якую я злавіў, гэта сазан. Ён важыў 4 кілаграмы 200 грамаў. На маіх вачах злавілі сазана вагой 12 кг. І ў той жа рэчцы мой знаёмы злавіў судака, які важыў 8 кг. Злавіў яго, калі было ўжо позна, цёмна. У гэты час не сфатаграфуешся. Але на наступны дзень, калі ўжо было сонечна, ён прынёс гэтага здаравеннага судака. Усе менскія рыбакі збегліся і давай з гэтым судаком фатаграфавацца.

Аматарская рыбалка – адзін з самых распаўсюджаных спосабаў адпачынку, які нярэдка ператвараецца ледзь не ў манію. Рыбакі не лянуюцца падымацца на досвітку, каб перад працай пастаяць некалькі гадзінаў на беразе з вудамі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота photobank.3vx.ru