27 гадоў таму беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай
27 год таму, 26 студзеня 1990 года, Вярхоўны Савет БССР ХІ склікання зрабіў беларускую мову адзінай дзяржаўнай. За такое рашэнне прагаласавала большасць дэпутатаў. Новы закон паскорыў беларусізацыю ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Дэмакратычны Гомельскі гарсавет стварыў спецыяльную камісію, якая кантралявала ўвядзенне беларускай мовы ў дзяржаўных установах. Сябра камісіі па кантролі за выкананнем Закона „Аб мовах” Алесь Яўсеянка прыгадвае, што сур’ёзнага супрацьдзеяння беларусізацыі не было:
– У нас сябра камісіі быў, які працаваў у “Спецкамунтрансе”. Ён цалкам пераклаў дакументацыю прадпрыемства на беларускую мову. І вось мы прыходзім на працу, а дыспетчар па гучнай сувязі па-беларуску дае аб’явы і інфармацыю.
Старшыня Гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Алеся Аўласевіч заўважае, што рэальнае раўнапраўе беларускай мовы з рускай было б магчыма ажыццявіць пры пэўных умовах.
– Калі я размаўляю з настаўнікамі і выхавацелямі дзіцячых садкоў, то яны кажуць, што гэта немагчыма і нерэальна перайсці на беларускую мову. Але я ўпэўнена, што пры створаных умовах, пры нейкім стымуляванні ўсе б перайшлі на беларускую мову вельмі хутка. І менавіта тыя, хто казаў, што мы ніколі не пяройдзем.
У 1995 годзе па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі правялі рэферэндум, у выніку якога расейская мова атрымала статус другой дзяржаўнай. Пасля гэтага працэс нацыянальнага адраджэння быў фактычна замарожаны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота Наша Ніва