27 лістапада: новыя арышты і вобшукі



 Новыя факты пераследу іншадумцаў апублікавалі праваабаронцы 27 лістапада.

У Менску раніцай быў затрыманы 30-гадовы Аляксей Шпак. Дома ў яго правялі вобшук, забралі тэлефоны і тэхніку. Пасля вобшуку затрымалі яго самога. Верагодна, распачатая крымінальная справа.

У сталіцы а сёмай раніцы дома затрымалі Марыю Крук. Да яе дадому „прыйшлі людзі без апазнавальных знакаў, казалі пра крымінальны вышук”, пішуць праваабаронцы.

Дома ў студэнткі мехмата БДУ Таццяны Екельчык супрацоўнікі КДБ правялі вобшук. „Забралі ноўтбук, тэлефон і павезлі на допыт”, — адзначаецца ў паведамленні. Прайшоў таксама вобшук у кватэры сваякоў студэнткі.

У Берасці затрыманы Марк Антонаў. Маладога чалавека даставілі ў мясцовы РАУС.

У Ляхавічах (Берасцейская вобласць) на заводзе затрымалі рабочага Андрэя Банкевіча і даставілі ў РАУС. Сваякі паведамляюць, што гэта ўжо трэці выпадак, калі Банкевіча затрымліваюць на прахадной пасля працоўнай змены.

belapan.by