27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста



Сёння – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста. У Пінску, дзе ў 1941-1942 гадах адбылося масавае знішчэнне мясцовага габрэйства, ладзяцца жалобныя мерапрыемствы. Так у габрэйскай школе пройдзе вечар памяці і прагляд кінастужкі пра нацысцкія злачынствы.

Суаўтар кнігі “Халакост на Піншчыне”, краязнаўца Эдвард Злобін адзначае, што дакладнай лічбы ахвяр у рэгіёне дагэтуль няма:

– Лічбы розняцца. Існавалі спісы вязняў гета менавіта жыхароў Пінска, што складае каля 20 тысяч насельніцтва, але ніхто не ўлічваў тых габрэяў, якіх прыгналі з ваколіц.

Пінскае гета знішчалася ў некалькі этапаў, апошняя аперацыя расцягнулася на пяць дзён у кастрычніку 1942 года. Па падліках гісторыкаў, у тыя дні на Піншчыне было забіта ад 17 да 26 тысяч жыхароў габрэйскага паходжання.

Беларускае Радыё Раця, Пінск

Фота Укринформ