28 снежня адбудзецца паўторны разгляд справы Яўгена Скрабутана



28 снежня адбудзецца паўторны разгляд справы Яўгена Скрабутана, за ўдзел у акцыі памяці паўстанцаў 1863-64 гадоў, якая адбылася 30 кастрычніка ў Свіслачы. Пра гэта грамадскі актывіст паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook. Раней Яўген ужо выказваў сваё стаўленне да такіх працэсаў:

— Рэжым б’ецца ў канвульсіях. Справа па Свіслачы — абсалютна абсурдная, надуманая. Людзей не павінны судзіць за тое, што яны напрыклад, святкуюць Новы год ці Каляды. Людзі прыехалі ў Свіслач, каб адзначыць Дзяды. І судзіць за тое, што людзі прыехалі на могілкі, што людзі прыехалі да помніка герою Беларусі, пра якога пішуць у падручніках — гэта няправільна і абсурдна.

Мінулая спроба асудзіць актывіста за ўдзел у Свіслацкім фэсце скончылася правалам, бо пратакол складзены мясцовымі міліцыянтамі быў адпраўлены на дапрацоўку. «Разгляд справы адбудзецца ў першай палове дня ў Судзе Ленінскага раёна Берасця», — мяркуе Скрабутан.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота facebook.com