28 траўня пачне працаваць новы аўтавакзал у Берасці



Ад трэцяй гадзіны ночы 28 траўня запрацуе новапабудаваны берасцейскі аўтавакзал. Пра гэта інфармуе афіцыйны сайт установы.

Будаўніцтва новага вакзалу было прымеркавана да шэрагу захадаў мясцовых уладаў, звязаных з падрыхтоўкай да святкавання 1000-годдзя Берасця, і не без удзелу грамадзянскай супольнасці. Гэтак мясцовыя транспартнікі і ўлады падтрымалі ініцыятыву агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, прадстаўнікі якога сабралі і перадалі ім подпісы за аздабленне вакзалу па-беларуску.

Кажа Зміцер Шыманскі, кіраўнік „Дзедзіча”:

– «Дзедзіч» – гэта арганізацыя, якая вось ужо 20 гадоў працуе на карысць папулярызацыі беларускай мовы і беларускай культуры. Адно з накірункаў – гэта пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы. Мы за тое, каб у новым аўтобусным вакзале, які пабудаваны ў Берасці, усё афармленне было зроблена на беларускай мове.

Зменіцца і месца дыслакацыі аўтавакзалу з вуліцы Міцкевіча, 35, на вуліцу Арджанікідзэ, 12, што зусім побач з вакзалам чыгуначным.

Што будзе са старым будынкам, які функцыянаваў з 1963 году, пакуль афіцыйна не паведамляецца.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.