280 гадоў таму пачалося Крычаўскае паўстанне



280 гадоў таму пачалося Крычаўскае паўстанне (1743-1744) на Беларусі пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Яно з’яўлялася антыфеадальным выступленнем сялян Крычаўскага староства, выкліканым узмацненнем феадальна-прыгонніцкага прыгнёту, якое ўзначалілі мясцовыя сяляне Васіль Вашчыла і яго паплечнікі Іван Карпач, Стэсь Бачко, Васіль Вецер ды іншыя.

Князь Іеранім Фларыян накіраваў на Крычаўшчыну супраць сялян войска са сваёй слуцкай рэзідэнцыі. 15 студзеня 1744 года некалькі сотняў салдат з гарматамі і казацкай конніцай увайшлі ў Крычаў. Галоўныя сілы паўстанцаў у той час знаходзіліся ва ўсходняй частцы староства за ракой Сож. 18 студзеня 1744 года яны атакавалі Крычаў сіламі каля двух тысяч чалавек. Аднак добра абучанае і ўзброенае войска, падтрыманае артылерыяй замка, вымусіла сялян адступіць. Больш за 100 паўстанцаў загінула, 500 паранена і 77 было ўзята ў палон. Новы лагер, створаны сялянамі каля вёскі Царковішча, хутка папоўніўся і дасягнуў колькасці амаль 4 тысяч чалавек. У ноч перад асадай, якую паўстанцы запланавалі на 26 студзеня, на лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага, які атрымаў падмацаванні з Себежа і Невеля. Напачатку лютага 1744 года паўстанне было задушана канчаткова. Улады жорстка расправіліся з яго кіраўнікамі і актыўнымі ўдзельнікамі: 60 змагароў пасля бою былі жывымі пасаджаны на калы ці павешаны на круках і шыбеніцах, а 16 чалавек пакараны. Да розных мер пакарання прыгавораны былі ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон.

Нягледзячы на паражэнне, Крычаўскае паўстанне мела вялікае значэнне. Па-першае, вынікам мужнай барацьбы прыгонных стала паслабленне феадальнага прыгнёту ў старостве. Уладальнік Крычаўшчыны замяніў цяжкія работы на будах грашовым паборам, зняў шэраг абмежаванняў на сялянскі гандаль, адмовіўся ад здачы староства ў арэнду.

Галоўным жа вынікам Крычаўскага паўстання было тое, што сяляне атрымалі значны вопыт арганізаванасці, пэўнай свядомасці ў барацьбе супраць сваіх прыгнятальнікаў. Хаця да паражэння паўстання прывялі ўсё ж неарганізаванасць, стыхійнасць і лакальнасць, уласцівыя ўсім сялянскім выступленням часоў феадалізму.

Паказанні Васіля Вашчылы

Беларускае Радыё Рацыя