IV міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне (абнаўляецца)
Тэма перакладаў Бібліі на беларускую мову ўжо традыцыйна абмяркоўваецца ў час Кангрэса беларускіх даследчыкаў у Коўне.
“Асноўная праблема палягае ў тым, што да гэтага часу беларусы не маюць паўнавартаснага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў”, – адзначае прадстаўнік Беларускай каталіцкай місіі візантыйскага абраду ў Англіі айцец Сяргей Стасевіч:
– Ёсць пераклады, пераклады аўтарскія, але няма перакладаў з арыгіналу. Сёння ў хрысціянскай Царкве перакладаецца толькі са старажытнагабрэйскай і з грэцкай моваў. Мы далёка адсталі ад нашых суседзяў за межамі Беларусі, хаця здаецца ў нас была першая сярод усходніх славян Біблія, а сёння атрымліваецца, што мы далёка ззаду.
Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне завершыцца ў нядзелю падвядзеннем вынікаў працы. Даклады, агучаныя ў час мерапрыемства, пазней будуць сабраныя ў агульную публікацыю.
* * *
У час кангрэса сітуацыя ва Украіне стала адной з галоўных тэмаў. Выступ прэзідэнта Украінскага ПЭН-цэнтра Міколы Рабчука пачаў працу мерапрыемства.
“Нарэшце мы маем нармальную выбарчую кампанію, без сур’ёзных скандалаў і карупцыі, без парушэнняў заканадаўства, і гэта ўжо вялікі плюс”, – так каментуе падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў ва Украіне вядомы ўкраінскі даследчык, прэзідэнт Украінскага ПЭН-цэнтра Мікола Рабчук:
– Выбары цяпер праходзяць, таксама як прэзідэнцкія, вакол розных палітыкаў, але ўсе гэтыя палітыкі праўкраінскія, так бы мовіць, так што тут няма ўжо фактычна ніякай прарасейскай сілы. Ёсць некалькі партый, якія рэпрэзентуюць гэтыя інтарэсы, але яны маргінальныя, я думаю нават невядома ці яны патрапяць у парламент. У гэтым сэнсе сітуацыя вельмі змянілася, і я думаю, што змянілася ў пазітыўны бок, то бок Украіна становіцца больш падобнай да іншых усходнеславянскіх краін, можа не да Польшчы ці Чэхіі, але прынамсі да Балгарыі і Румыніі дакладна.
Мікола Рабчук выказвае ўпэўненасць, што як Украіна, так і Беларусь, абяруць заходнюю мадэль развіцця. Пазачарговыя парламенцкія выбары ва Украіне пройдуць 26-га кастрычніка.
* * *
Кангрэс даследчыкаў Беларусі – гэта значная ды яскравая з’ява ў навуковым жыцці Беларусі. «Гэта добрая пляцоўка для дыялогу культур, што цяпер надзвычай актуальна», – лічыць доктар гістарычных навук з універсітэту Тэль-Авіва Захар Шыбека.
На ягоную думку, трэба больш увагі надаваць пытанням культуры, бо чым больш мы разумеем адзін другога, тым больш стабільнай будзе сітуацыя ў свеце і ў нашай краіне:
– Я як ніхто гэта разумею, таму што зараз стала жыву ў Ізраілі, дзе перманентна ўзнікаюць выбухі варожасці паміж народамі. І часам прычынай гэтага з’яўляюцца непаразуменні, якія выклікаюцца непаразуменнем і няведаннем культуры народаў. Гэты кангрэс якраз дазваляе такі дыялог паміж культурамі, навукоўцамі ажыццявіць.
На думку Захара Шыбекі, кангрэс даследчыкаў Беларусі можа шмат зрабіць для агульнага ўзаемапаразумення. Кангрэс традыцыйна праходзіць у літоўскім Коўне і сабраў сёлета больш за 400 удзельнікаў з 20-ці краін свету.
* * *
Больш за 450 навукоўцаў з 20-ці краін свету сустракаюцца ва Універсітэце Вітаўта Вялікага дзеля абмеркавання вынікаў сваёй даследчай працы за год. У літоўскім Коўне пачынаецца чацвёрты Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Традыцыйна ў цэнтры яго ўвагі – не толькі Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Плануецца разгляд шырокай праблематыкі: ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў – да гісторыі і праблем культуры. Кажа арганізатар мерапрыемства Андрэй Казакевіч:
– Кожны год колькасць удзельнікаў павялічваецца, хоць кожны год мы павялічваем патрабаванні да тых, хто робіць даклады. Такім чынам, сапраўды можна сказаць, што для тых людзей, якія займаюцца даследаваннем Беларусі ў розных галінах ведаў – гэта і гуманітарныя дысцыпліны, і сацыяльна-палітычныя, існуе пэўны дэфіцыт такога кшталту перыядычных пляцовак, дзе можна было б прадэманстраваць вынікі сваёй працы, усталяваць новыя кантакты, абмеркаваць ідэі і так далей.
Кангрэс даследчыкаў Беларусі працуе з 3 па 5 кастрычніка. У яго межах адбудзецца ўручэнне Прэміі за найлепшую навуковую публікацыю за 2012-2013 гады, а таксама пройдуць прэзентацыі кніг, даследчых і адукацыйных праектаў ды кінапаказы.
[Not a valid template]
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
3-5 кастрычніка 2014 года у Коўне адбудзецца найбуйнейшая беларуская акадэмічная падзея – Чацвёрты Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі.
Больш за 450 навукоўцаў з 20 краін сустрэнуцца ва Ўніверсітэце Вітаўта Вялікага дзеля абмеркавання вынікаў сваёй даследчай працы за год. Традыцыйна ў фокусе ўвагі Кангрэса будзе не толькі Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Плануецца разгляд шырокай праблематыкі ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры.
На пленарным пасяджэнні 3 кастрычніка вядомыя інтэлектуалы Мікола Рабчук (Украіна) і Ігар Бабакоў (Беларусь) пазначаць асноўныя інтэлектуальныя і грамадскія выклікі, якія стаяць сёння перад краінамі нашага рэгіёну, асабліва ў кантэксце крызісу ва Украіне.
У межах секцый вялікая ўвага будзе нададзеная наступствам украінскага крызісу для Беларусі і рэгіёну, палітыцы Кітая ў дачыненні да краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, праблемам мясцовай палітыкі і многім іншым.
У межах гуманітарнага блоку плануецца разгляд праблемаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі Беларусі ХІХ і ХХ стагоддзяў, сучаснай беларускай культуры і літаратуры, гендэрных даследаванняў і г.д.
Акрамя гэтага, у рамках Кангрэса пройдуць прэзентацыі кніг, даследчых і адукацыйных праектаў, а таксама наданне Прэміі Кангрэса за найлепшую навуковую публікацыю ў 2012-2013 гадах па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. Ацэнку працаў, намінаваных на Прэмію, праводзілі больш за 30 экспертаў.
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у якой удзельнічаюць усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры, якія даследуюць палітыку, грамадства і культуру Беларусі. Акрамя таго, Кангрэс – гэта выдатная магчымасць дзеля распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталёўвання нефармальных сувязяў з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін.
У форуме бяруць удзел больш за 400 спецыялістаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Расеі, Казахстану, многіх краінаў Еўразвязу, а таксама ЗША, Кітаю, Ізраілю.
Будуць працаваць 16 адмысловых сэкцыяў. У рамках IV Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі пройдзе шэраг публічных мерапрыемстваў: прэзентацыі выданняў, даследаванняў, новых адукацыйных і даследчых праектаў, кінапаказы.
Паводле сайту Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі icbs.palityka.org