3 красавіка ўлады распавядуць, за што будуць плаціць дармаеды
1 красавіка дзяржава мусіла аб’явіць дармаедам, за якія паслугі яны будуць плаціць па стоадсоткавых тарыфах.
Паводле пукнта 7.3 Дэкрэта №1, да 1 красавіка 2018 года дзяржава мусіць:
— зацвердзіць прыкладнае палажэнне аб камісіі.
Вызначыць:
— паслугі з вяртаннем затрат і ўмовы іх прадастаўлення,
— парадак разліку і ўнясення аплаты за паслугі з вяртаннем аплаты,
— унесці ва ўстаноўленым парадку на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прапановы па:
- абмежаванні прадастаўлення працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы, безнаяўных жыллёвых субсідый на аплату жыллёва-камунальных паслуг і дзяржаўнай падтрымкі пры пабудове (рэканструкцыі) ці пакупцы жылых памяшканняў,
- удасканаленні заканадаўства ў сферы прафілактыкі правапарушэнняў,
- аб накіраванні грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і знаходжанне ў іх.
Падрыхтаваць пералік антыдармаедскіх паслуг чыноўнікам даручыў Аляксандр Лукашэнка, калі ў студзені 2018 года падпісаў Дэкрэт №1 аб занятасці насельніцтва. Гэты дэкрэт змяніў скандальна вядомы Дэкрэт №3, які вымушаў непрацаўладкаваных грамадзян аддаваць дзяржаве 20 базавых у год. Але пратэсты “дармаедаў” зрабілі сваё: дэкрэт перагледзелі, плату адмянілі, вырашылі, што “дармаеды” будуць плаціць за паслугі 100%.
Але за якія менавіта паслугі, у панядзелак 2 красавіка было яшчэ невядома.
„Нічога пра дармаедаў не ведаю. У мяне няма часу з вамі размаўляць”, — адказвае на пытанне журналістаў кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава у першы дзень вясенняй сесіі парламента.
„Еўрарадыё” паспрабавала ўдакладніць інфармацыю ў Міністэрстве ЖКГ, бо аплата за некаторыя камунальныя паслугі павінна абыходзіцца „гультаям” у капеечку.
„Не мы распрацоўваем гэты нарматыўна-прававы акт, — кажуць у прэс-службе міністэрства. — Таму не ў курсе, што там будзе”.
Прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольга Шцін кажа, што пастанову чакаюць са дня на дзень, самі сочаць за сайтам pravo.by:
„Калі ўбачым пастанову, тады мы будзем гатовыя нешта каментаваць. Яна будзе апублікаваная на pravo.by, мы адсочваем сайт”.
А вось ад прэс-службы Савета Міністраў з другой спробы быў пачуты аптымістычны адказ:
„3 красавіка на сайце Саўміна выйдзе афіцыйная пастанова”, — адказвае прэс-сакратар Саўміна Уладзіслаў Сычэвіч.
Паводле „Еўрарадыё”