3 снежня – Міжнародны дзень інвалідаў
Міжнародны дзень інвалідаў адзначаюць 3 снежня. Гэтую дату вызначыла Генеральная асамблея ААН у 1992 годзе з мэтай прасоўвання правоў інвалідаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, а таксама прыцягнення ўвагі да праблем інвалідаў. Штогод у гэты дзень надзяляецца асаблівая ўвага людзям з абмежаванымі магчымасцямі. У свеце налічваецца больш за 1 мільярд інвалідаў. У Беларусі іх каля паўмільёна.
Якія праблемы турбуюць інвалідаў у першую чаргу, распавядаюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі Віцебшчыны.
– Многа што турбуе. Знайсці працу турбуе. Бацьку страціла ва ўзросце 12 гадоў, гэта цяжка, вельмі цяжка. Мама хворая. Не ведаю, што далей будзе са мной, калі мама памрэ.
– Павінна быць падтрымка, узаемаразуменне. Гэта вельмі важна для чалавека з абмежаваннямі. І калі гэтага няма, то і атрымліваецца, што чалавек упадае ў нейкую дэпрэсію і пачынае думаць пра дрэннае, што ён нікому непатрэбны. Але не трэба так думаць, трэба з апошніх сіл трымаць сябе ў руках. А што яшчэ рабіць?! Ёсць такія людзі, значыць мы павінны жыць, мы для чагосьці. Што тут зробіш?..
З кожным годам колькасць iнвалiдаў расце. Гэта звязана як з імклівым павелічэннем колькасці хранічных хвароб, так і са старэннем насельніцтва.
У Беларусі пенсію па інваліднасці атрымлівае каля 570 тысяч чалавек, з іх крыху больш за 31 тысячу – дзеці ва ўзросце да 18 гадоў. У краіне налічваецца 80 дамоў-інтэрнатаў для дарослых інвалідаў і дзяцей.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vnd12.ru