30 кастрычніка – Дзяды



Традыцыйнае шэсце з нагоды дня памяці продкаў „Дзяды” Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ правядзе 30 кастрычніка. Як паведаміў намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, арганізатары атрымалі дазвол на правядзенне акцыі ад Менгарвыканкама, узгодненае з Менаблвыканкамам.

Дзяды

Заяўка задаволена ў поўным аб’ёме, аднак, падкрэсліў Беленькі, супрацоўнікі гарвыканкама ўключылі ў яе пункт пра аплату заяўнікамі паслуг міліцыі і хуткай дапамогі.

Збор удзельнікаў акцыі пачнецца ў 11.00 на пляцоўцы каля гадзіннікавага завода „Прамень”. З 11.30 да 15.00 запланавана шэсце да ўрочышча Курапаты, дзе да 17.00 будзе доўжыцца мітынг.

Па словах Беленькага, арганізатары заявілі да 5 тысяч патэнцыйных удзельнікаў, яны разлічваюць, што ў гэты раз акцыя будзе больш шматлікай у параўнанні з мінулым годам, калі ў шэсці прынялі ўдзел каля 400 чалавек.

„Сітуацыя такая, што людзі сёння бачаць, што такое Расея і што яна робіць. Таму салідарнасць павінна быць мацней”, – лічыць намеснік старшыні КХП-БНФ.

Ён таксама паведаміў, што пададзена заяўка на правядзенне 6 лістапада яшчэ аднаго шэсця – да Лошыцкага яра, дзе ў сталінскія часы таксама праводзіліся масавыя расстрэлы. Адказу ўладаў на гэтую заяўку пакуль няма.