30 красавіка – дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Хайсах



Удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” вызначылі некалькі датаў, калі яны будуць прыязджаць на месцы масавых расстрэлаў і памінаць ахвяраў сталінізму.

30 красавіка было вырашана зрабіць днём памяці не выпадкова: у гэты дзень у 1938 г. была расстраляна Вольга Данцыт – адна з двух устаноўленых асобаў, чые жыцці абарваліся ў гэтым месцы. Імя і прозвішча настаўніцы віцебскай латышскай школы было надрапана на грабеньчыку, які знайшлі разам з чалавечымі парэшткамі ў 2017-м годзе. Далей пачаліся пошукі па адкрытых базах звестак пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій, кажа заснавальнік ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” Ян Дзяржаўцаў:

– Толькі адно імя і прозвішча, якія падыходзяць, знайшлі. Гэта Вольга Аляксандраўна Данцыт. Мы паставілі крыж з адпаведнай шыльдай, а ўжо ў 2019-м годзе паставілі там помнік. Апрача яе, у тую ж ноч былі расстраляныя 64 чалавеку, 41 з іх – латышы. Так што гэта быў масавы генацыд.

Паводле даследчыка Максіма Каралёва, латышы кампактна жылі ў вёсках Віцебскага і Лёзненскага раёнаў:

– Але з пачаткам калектывізацыі жыццё латышоў значна пагоршылася. Пачалася татальная барацьба з ворагамі народа і шпіёнамі. Адпаведна, пачалі “выкрываць” іхныя сувязі з Латвіяй ці Польшчай, зачыняць латышскія школы, клубы. Раз ты латыш, то абавязкова павінна быць контррэвалюцыйная арганізацыя.

За ўдзел у латышскай контррэвалюцыйнай арганізацыі і балы расстраляна 28-гадовая Вольга Данцыт, якая нарадзілася ў латышскай вёсцы Матушова Лёзненскага раёну. У іншы час удзельнікі ініцыятывы “Хайсы – віцебскія Курапаты” прыехалі б да помніка бязвінна забітым з кветкамі, але ва ўмовах эпідэміі давялося перавесці імпрэзу ў віртуальны фармат. На старонцы ініцыятывы ў Фэйсбуку ўсім ахвотным прапануюць пазнаёміцца з успамінамі ды іншымі дакументальнымі матэрыяламі пра сталінскі тэрор на Віцебшчыне.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя