30 сутак за бел-чырвона-белую стужачку на арандаваным аўтамабілі
Суд Фрунзенскага раёна Менска 5 красавіка арыштаваў на 30 дзён жыхара сталіцы Дзяніса Букаткіна за бел-чырвона-белую стужачку, прывязаную да антэны арандаванага аўтамабіля, на якім ён ездзіў, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Працэс вяла суддзя Марыя Ярохіна.
Букаткін быў затрыманы 5 красавіка каля 7.30. У Фрунзенскім РУУС на яго склалі пратакол па ч. 3 арт. 24. 23 КоАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, здзейсненае паўторна на працягу года) за „пікетаванне шляхам размяшчэння на антэне аўтамабіля бел-чырвона-белай стужкі”.
У судзе затрыманы заявіў, што аўтамабіль даўно ўзяў у арэнду для працы, стужка на антэне яму не замінала, таму ён яе не здымаў.
У Букаткіна трое дзяцей.