31 студзеня абмяркуюць лозунгі Дня Волі
На аўторак, 31 студзеня, прызначана першая сустрэча аргкамітэта сёлетняга адзначэння Дня Волі – 25 сакавіка. Пасяджэнне адбудзецца а 15-й гадзіне ў цэнтральнай сядзібе БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага 3). Арганізатары сёлетняй урачыстай дэманстрацыі з нагоды 99-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР запрашаюць да абмеркавання акцыі ўсе зацікаўленыя арганізацыі, ініцыятывы ды асобы.
Старшыня Партыі БНФ пракаментаваў партыйнай прэс-службе скліканне аргкамітэта:
«Ужо некалькі палітычных суб’ектаў абвесцілі пра намер удзельнічаць у адзначэнні гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта як тыя арганізацыі, прадстаўнікі якіх падпісалі заяўку на правядзенне дэманстрацыі, так і іншыя аб’яднанні. Я лічу, што гэта вельмі добра – менавіта 25 сакавіка застаецца найбольш значнай датай у календары дэмакратычнай супольнасці, менавіта яна здольная аб’яднаць беларусаў. Я ўпэўнены, што палітычны кантэкст 25 сакавіка як дня абвяшчэння беларускай незалежнасці не выключае агучвання на акцыі сацыяльна-эканамічных патрабаванняў, у тым ліку звязаных з непісьменнай і шкоднай для беларусаў эканамічнай палітыкай уладаў.
Менавіта таму важны ўдзел тых некалькіх груп, якія ўжо заявілі пра намер ладзіць асобныя акцыі і зборы подпісаў з нагоды абуральнага збору з непрацуючых грамадзянаў (вядомы як „падатак на дармаедаў”).
Я перакананы, што менавіта ідэалы 25 сакавіка — незалежнасць Бацькаўшчыны, свабода ды годнасць кожнага беларуса — мусяць сёння аб’яднаць усіх адказных грамадзянаў нашай краіны».
У час пасяджэння аргкамітэта плануецца абмеркаваць магчымыя фарматы правядзення акцыі. Таксама будуць абмеркаваныя асноўныя лозунгі акцыі, пытанні яе інфармацыйнага асвятлення і тэхнічнага забеспячэння, магчымыя ўрачыстыя і мемарыяльныя мерапрыемствы ў іншых гарадах.
Згодна з пададзенай заяўкай, акцыя 25 сакавіка 2017 года ў Менску пачнецца зборам удзельнікаў на пляцоўцы перад галоўным уваходам у будынак Акадэміі Навук (праспект Незалежнасці, 66). А 14.30 калона дэманстрантаў пойдзе праспектам Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Акрамя таго, плануецца правесці святочны канцэрт, пра месца яго правядзення і склад выступоўцаў цяпер ідуць перамовы.
Ад Партыі БНФ заяўнікам акцыі выступіў кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч. Заяўнікамі таксама выступілі прадстаўнікі Руху “За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Прэсавая служба Партыі БНФ