31 траўня ў Менску пачнуць судзіць удаву Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую
Як паведамляюць праваабаронцы, крымінальную справу будуць разглядаць у Менскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме.

Успенскую абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Перастрэлка ў кватэры Зельцэра адбылася 28 верасня 2021 года. Група сілавікоў выламала дзверы і ўварвалася ў жытло. Айцішнік меў паляўнічую стрэльбу, адбылася перастрэлка. 31-гадовы Андрэй Зельцэр загінуў.
У Марыі Успенскай ёсць непоўнагадовы сын ад першага шлюбу. Яна знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Зімой тры тыдні жанчына правяла ў Навінках на псіхіятрычнай экспертызе.
Тым часам у Беларусі са студзеня 2022-га праходзілі суды над аўтарамі каментароў у сацсетках па „справе Зельцэра”. Людзей адпраўляюць у калонію. Сярод іх — музыка Віктар Катоўскі.
