32-я гадавіна трагедыі на Чарнобыльскай АЭС



Сёння мінае 32 гады з часу трагічнай аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэтая катастрофа закранула многія краіны і тысячы людзей. Далёка не ўсе яе перажылі. У 2000 годзе рэжысёр-дакументаліст Юры Каліна вырашыў паехаць у так званую зону адчужэння са здымачнай групай.

У выніку паўстаў дакументальны фільм “Чарнобыльцы”, прысвечаны людзям, якія жылі ў забруджаных радыяцыяй вёсках.

– Я помню такую кранальную карцінку, калі на месца, дзе была вёска, прыехалі людзі з Расеі. Была вясна, на грушы бусел рабіў сабе гняздо. І мужчына расказаў, што ля гэтай грушы быў ягоны дом. Была вёска, а зараз нічога няма. Ён расплакаўся. Кранальныя, вельмі эмацыйныя расказы, якія, як мне здаецца,  нікога не пакідаюць абыякавым.

Юры Каліна кажа, што здымачная група спецыяльна не рыхтавалася да паездкі ў радыяцыйную зону:

– Тады вядома, што свядомасць пагрозы была. Мы ўзялі з сабой дазіметры і паехалі. Спецыяльнай вопраткі ніхто не меў. Проста ехалі туды, здымалі. Пасля вярталіся ў Мазыр, там жылі ў гатэлі. Даволі складана было нават памыцца, бо была толькі халодная вада і толькі дзве гадзіны ў суткі, бо якраз быў рамонт. Такія складаныя постсавецкія ўмовы.

Фільм “Чарнобыльцы” рэжысёра Юрыя Каліны ў 2001 годзе атрымаў Гран-пры Еўрапейскага аб’яднання рэгіянальнага тэлебачання у партугальскім Порта. Сёння фільм можна паглядзець у інтэрнэце.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя