33-гадовы жыхар Віцебска падазраецца ў распальванні варожасці
33-гадовы жыхар Віцебска падазраецца ў распальванні расавай і нацыянальнай варожасці, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле дадзеных следства, мужчына размяшчаў у публічным доступе на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы відэазапісы і графічныя выявы, якія накіраваны на распальванне расавай і нацыянальнай варожасці. У дачыненні да яго распачата справа па ч. 1 арт. 130 КК.
Следчы камітэт звяртае ўвагу грамадзян: перад размяшчэннем якой-небудзь інфармацыі ў сябе на старонках у сацыяльных сетках, не забывайце, што распаўсюджванне шэрагу матэрыялаў (накіраваных на распальванне варожасці, парнаграфічных матэрыялаў) забаронена законам. Акрамя таго, у залежнасці ад таго ці іншага рэсурсу, не толькі рэпост, але і лайкі на запісах з відэа, фота і тэкставымі матэрыяламі з’яўляюцца распаўсюджваннем гэтых матэрыялаў.
Варта адзначыць, што ў апошні час таксама пачасціліся выпадкі прыцягнення грамадзян да адказнасці за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках.
У снежні мінулага года Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні папраўкі ў законы па пытаннях узмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму. Дакумент устанаўлівае забарону на рэабілітацыю нацызму, прапаганду, публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне, захоўванне i набыццё сімволікі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый.
Эксперты выказвалі асцярогі, што новаўвядзенні могуць выкарыстоўвацца для абмежавання права на свабоду слова і пераследу апанентаў улады.