35 базавых штрафу за экалагічны пікет у Бярозаўцы



35 базавых велічынь альбо 945 рублёў штрафу за экалагічны пікет – такі прысуд абвясціў Лідскі раённы суд сябру партыі БНФ і “Руху “За свабоду””, грамадскаму актывісту з Бярозаўкі – Вітольду Ашурку.

26 красавіка ён выйшаў да прахадной шклозавода “Нёман” з плакатам “Шкловата – наш Чарнобыль” з пратэстам супраць будаўніцтва ў Бярозаўцы яшчэ аднаго цэха па шкоднай вытворчасці шкловаты побач з ужо існуючым. На яго думку, такі прысуд за тое, што ён такім чынам абараняе свой родны горад – вельмі жорсткі.

– 945 рублёў – за пікет у абарону нашага горада Бярозаўка. Гэта трошкі больш, чым хацелася. І меней таго, чаго я баяўся. Але гэта ж не спыніць мяне ад далейшай абароны Бярозаўкі. Праграма выпрацавана і будзем далей бараніць Бярозаўку ад гэтага нашага Чарнобыля.

Нагадаем, што пра намер пашырэння ў Бярозаўцы вытворчасці шкловаты было заяўлена Аляксандрам Лукашэнкам 17 красавіка падчас яго візіту на шклозавод “Нёман”. У абсалютнай большасці жыхары горада над Нёманам паставіліся да гэтай ініцыятывы адмоўна.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя