35 гадоў таму здарылася аварыя на ЧАЭС
Правесці з нагоды гадавіны найбуйнейшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы традыцыйную вулічную акцыю „Чарнобыльскі шлях” у Менску ўлады забаранілі.
Аварыя здарылася 26 красавіка 1986 года ў 1.23 на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое што станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку аварыі, асела ў Беларусі.
Як паведаміў 21 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Пётр Нікалаенка, з моманту аварыі плошча тэрыторыі, забруджанай радыеактыўным цэзіем-137, паменшылася ў Беларусі ў 1,8 разу і на пачатак гэтага года склала 25,49 тыс. квадратных кіламетраў (12,3% агульнай плошчы Беларусі).
Пасля катастрофы на тэрыторыях радыеактыўнага забруджвання апынулася 3.678 населеных пунктаў (з іх 479 цалкам спынілі існаванне), дзе пражывалі 2,2 млн чалавек. З пацярпелых раёнаў адсялілі 137,7 тыс. чалавек, з іх тры чвэрці — жыхары Гомельскай вобласці.
На пачатак 2021 года ў зонах радыеактыўнага забруджвання знаходзілася 2.166 населеных пунктаў, дзе прыжывае больш за 1,1 млн чалавек. Да тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання сёння адносяць 49 са 118 раёнаў краіны — у Гомельскай (19), Магілёўскай (13), Менскай (10), Берасцейскай (4) і Гарадзенскай (3) абласцях.
Паводле слоў Нікалаенкі, агульны аб`ём фінансавання дзяржпраграм па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы з 1990 па 2020 гады склаў каля 19, 2 млрд даляраў у эквіваленце. Ён адзначыў, што ў аснову дзяржпалітыкі закладзены „пераход ад пасляаварыйных рэабілітацыйных мерапрыемстваў да развіцця сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу пацярпелых рэгіёнаў”. На выкананне новай праграмы запланавана амаль 3 млрд рублёў, больш за палову гэтай сумы накіруюць на розныя мерапрыемствы па сацабароне пацярпелага насельніцтва.
У сваю чаргу начальнік аддзела сацыяльнай абароны і прававой працы дэпартамента Вольга Сахно заявіла на прэс-канферэнцыі, што прыярытэтам з`яўляецца аказанне дапамогі сацыяльна ўразлівым катэгорыям насельніцтва, даванне льгот і кампенсацый у рамках прынятага ў 2009 годзе закона аб сацабароне пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый.
Паводле яе слоў, сёння на дыспансерным уліку знаходзіцца каля 1,5 млн чалавек, у тым ліку больш за 240 тыс. дзяцей і падлеткаў, 70 тыс. ліквідатараў наступстваў катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый. Для дзяцей, якія пражываюць на забруджанай тэрыторыі, прадугледжанае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. Штогод лячэнне і аздараўленне праходзяць больш за 70 тыс. грамадзян, з якіх 98% — дзеці.
Асобным катэгорыям грамадзян, паводле слоў Сахно, даецца права ранняга выхаду на пенсію, да пенсійных выплат налічваюцца надбаўкі. Ёсць дадатковыя льготы на першачарговае абслугоўванне ў медыцынскіх арганізацыях, права на выплату дапамогі па часовай непрацаздольнасці ў памеры 100% сярэднядзённага заробку, зніжкі на лекі, падатковыя льготы і інш.
У каментары БелаПАН старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” (БПЗ) Дзмітрый Кучук адзначыў, што пасля таго, як у краіне пачалі будаваць уласную атамную станцыю, палітыка дзяржавы ў плане пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС змянілася.
„Улады не могуць гаварыць пра наступствы Чарнобыля, калі самі будуюць фактычна такі ж Чарнобыль, — сказаў ён. — Былі скасаваныя льготы для „чарнобыльцаў”. Калі, дапусцім, раней гэтым людзям давалася магчымасць пабываць у санаторыях, прайсці медыцынскае абследаванне, то, на жаль, цяпер гэтых ільгот няма. Грошы, якія выплачваюцца, — гэта даплаты ліквідатарам у раёне 25 рублёў”.
„Ну і трэба не забываць, што пасля аварыі было забруджана 24% тэрыторыі Беларусі, — дадаў Кучук. — Гэтая тэрыторыя цяпер не ў вельмі добрым становішчы — там няма кантролю над вытворчасцю прадуктаў харчавання, усё гэта трапляе нам у арганізм, людзі схільныя да анкалагічных захворванняў”.
Лідар БПЗ падкрэсліў: улады заяўляюць аб памяншэнні плошчы забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі, „але гэта не гаворыць пра тое, што гэтая тэрыторыя сапраўды прыдатная для пражывання людзей, што там няма радыенуклідаў”. „Усе гэтыя радыкнукліды дастаткова доўга распадаюцца, уплыў на арганізм людзей усё роўна там застанецца. Таму ўраду няма сэнсу ўводзіць гэтыя тэрыторыі [у абарот], таму што наступствы для людзей будуць значна горшыя, а нейкіх эканамічных выгод краіна, калі яна там будзе вырошчваць прадукты харчавання, асвойваць, усё роўна не атрымае”, — лічыць Кучук.
На пытанне, што, на яго думку, трэба рабіць з пацярпелымі тэрыторыямі, ён адказаў: „Дакладна не трэба іх засяляць. Іх трэба абмежаваць, праводзіць там даследаванні, даследаваць, як уплываюць малыя дозы радыяцыі на арганізм людзей, рабіць высновы, каб людзі менш хварэлі, вывучаць магчымасці лячэння наступстваў. Гэта значыць, перш за ўсё, трэба клапаціцца пра людзей, якія пацярпелі і фактычна жывуць на гэтых тэрыторыях”.
Штогод 26 красавіка прадстаўнікі апазіцыі праводзілі ў Мінску „Чарнобыльскі шлях” — шэсце ў цэнтры горада, якое традыцыйна завяршалася мітынгам і ўскладаннем кветак да памятнага знака ахвярам чарнобыльскай катастрофы каля праваслаўнага храма ў гонар абраза „Спагнанне загінулых”. Выключэннем сталі 2011 год (улады забаранілі шэсце), 2019-ты (арганізатары адмовіліся ад правядзення акцыі з-за выстаўленых Мінгарвыканкамам умоў), 2020-ты (арганізатары адмовіліся з-за пандэміі COVID-19) і гэты год.
Сёлета сталічныя ўлады не дазволілі праводзіць „Чарнобыльскі шлях”, спаслаўшыся на каранавірус, адсутнасць дамоў з міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі, а таксама на тое, што месца збору ўдзельнікаў мерапрыемства і маршрут дэманстрацыі „не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства”. Мінгарвыканкам таксама заявіў, што розныя людзі неаднаразова аб`яўлялі дату, час і месца правядзення мерапрыемства да яго дазволу, што па законе недапушчальна.
Адзін з заяўнікаў „Чарнобыльскага шляху” — старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў — 12 красавіка быў затрыманы і дастаўлены ў КДБ. Разам з палітолагам Аляксандрам Фядутам і адвакатам Юрыем Зянковічам яму выстаўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 357 КК (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).