35 гадоў таму змяніўся лёс цэлага пакалення



Чарнобыльская катастрофа – гэта не проста выбух рэактара. Гэта найперш трагедыя сотняў тысяч чалавек, якія або згубілі сваіх блізкіх, або пакінулі свае родныя хаты і з пустымі рукамі паехалі ў невядомае. 35 гадоў таму змяніўся лёс цэлага пакалення. 

25 красавіка 1986 года. Ціхі і спакойны дзень. Цёплая пятніца ў горадзе Чарнобыль і блізкай ад яго Прыпяці. Людзі ідуць спаць – кожны са сваімі планамі на выходныя. Але роўна ў 1 гадзіну 23 хвіліны ночы на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыліся выбухі. Тое, што пазней мы назавём самай маштабнай тэхнагеннай катастрофай, або проста Чарнобыльскай трагедыяй. У тую ноч быў цалкам разбураны рэактар ды яго актыўная зона, сістэма ахалоджвання, будынак рэактарнай залы. Дах машыннай залы і тэрыторыя вакол станцыі былі пакрытыя радыеактыўнымі жалезабетоннымі графітавымі блокамі ды іх кавалкамі. Полымя над рэактарам падымалася на некалькі соцень метраў і суправаджалася патокам газавай радыеактыўнасці. Са 190 тон ядзернага паліва 171 тона была выкінутая ў наваколле.

Але першыя героі Чарнобыля гэтага ўсяго не ведалі. Проста ў 1.35 на месца прыбылі першыя падраздзяленні пажарнай аховы горада Прыпяць пад кіраўніцтвам Віктара Кібенка і Уладзіміра Правіка. Пазней на дапамогу ім прыбылі пажарныя з іншых раёнаў. І да пяці гадзін раніцы патушылі пажар. Без сродкаў аховы ад радыяцыі, без сродкаў тушэння пажараў на АЭС. Яны хутка ўсе памерлі ў цяжкіх болях. У тым ліку ў бальніцы ў Маскве, таму некаторых і пахавалі на маскоўскіх могілках у запаяных трунах пад бетоннымі плітамі. Яны сталі першымі ахвярамі трагедыі, але і ахвярамі савецкай сістэмы бяздушнасці і страху перад начальствам.

Прыгадаю лёс аднаго з іх. Пэўна, вядомае многім прозвішча – Васіль Ігнаценка, які пражыў 25 гадоў. Працаваў пажарным у горадзе Прыпяць і быў сярод той самай першай групы, якая 26 красавіка прыбыла да месца пажару на Чарнобыльскую АЭС. 27 красавіка яго экстранна эвакуіравалі ў Маскву для лячэння, там ён і памёр у пакутах 13 траўня. Яго жонка  Людміла прарвалася да яго бальніцу і не адыходзіла ад паміраючага мужа да самай яго смерці, атрымаўшы пры гэтым вялікую дозу апраменьвання.  Яна была цяжарнай, але дзіця – дзяўчынка – пасля нараджэння пражыла ўсяго чатыры гадзіны, яе пахавалі разам з бацькам. Людміла Ігнаценка стала адной з гераінь кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, лёс яе ды яе мужа паказаны ў вядомым мастацкім міні-серыяле “Чарнобыль”, а таксама пра яе шведскі рэжысёр Гуннар Бергдал зняў два дакументальныя фільмы.

Сама Людміла казала: “Напэўна, гэта патрэбна было расказаць дзеля будучага пакалення, каб трагедыя, дай Божа, больш не паўтарылася. Нашы дзеці павінны вучыцца на нашых памылках… Мы не павінна маўчаць пра тое, што адбылося ў 1986 годзе. І дзякуй Богу, што мы навучыліся не маўчаць, і гэта ўмеюць нашы дзеці”. Гэтыя словы прагучалі падчас інтэрв’ю ў 2015 годзе. Яны актуальныя ўвесь час. “Не маўчаць” – як запавет чарнобыльскага пакалення.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: shostka.info