39 чалавек змешчаны на каранцін у Буда-Кашалёўскую бальніцу
39 жыхароў пасёлка Камунар Буда-Кашалёўскага раёна даставілі ў інфекцыйнае аддзяленне раённай бальніцы. Гэта кантакты першага ўзроўню школьніка — навучэнца гомельскай СДЮШАР № 4, сярод трэнераў якой зарэгістраваныя два выпадкі пнеўманіі з папярэднім станоўчым тэстам на каронавірус.
Як паведамляе раённая газета „Авангард”, усе 39 чалавек знаходзяцца пад медыцынскім наглядам, адчуваюць сябе добра. У іх узялі неабходныя аналізы, арганізаванае лабараторнае абследаванне.
Як стала вядома БелаПАН ад жыхароў пасёлка Камунар, 2 красавіка ў бальніцу змясцілі вучняў 3-га і 4-га класаў, педагогаў, выхавальнікаў, сям’ю хлопчыка і галоўнага ўрача камунараўскай бальніцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, хлопчык займаўся ў СДЮШАР-4, у яго выявілі каронавірус.
Першы выпадак COVID-19 у Гомельскай вобласці быў выяўлены ў 20-гадовага спартсмена, які вярнуўся са спаборніцтваў у Партугаліі. Ён выхаванец СДЮШАР-4. Пазней у гэтай спартыўнай школе каронавірус дыягнаставалі ў двух трэнераў. У бальніцу шпіталізавалі іх кантактных асоб. Паводле інфармацыі БелаПАН, у аднаго трэнера выяўлена 68 кантактаў першага ўзроўню, 84 — другога ўзроўню.
Каронавірус таксама быў выяўлены ў дырэктара аднаго з гаспадарак Лельчыцкага раёна і некаторых яго кантактных асоб.
4 красавіка прэс-служба Гомельскага аблвыканкама паведаміла БелаПАН, што тэст на РНК каронавіруса ў выкладчыка Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта паказаў адмоўны вынік. Раней студэнты МДПУ паведамілі БелаПАН, што загадчыка адной з кафедраў універсітэта шпіталізавалі з падазрэннем на каронавірус.
„Медыцынскімі работнікамі было праведзенае абследаванне пацыента Мазыра, раней шпіталізаванага з падазрэннем на COVID-19, паводле вынікаў якога быў атрыманы адмоўны вынік. Гэта значыць заражэння каронавіруснай інфекцыяй не выяўлена. Агульны стан пацыента здавальняючы”, — паведамілі ў прэс-службе.
На 3 красавіка ў Гомельскай вобласці было 13 выпадкаў каронавіруса.