Шэсце і мітынг у Лошыцы ў гонар Дзядоў (абноўлена)
У Менску 4 лістапада адылося шэсце і мітынг у Лошыцкім яры, адным з месцаў пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій сталінскіх часоў. Гэтае мерапрыемства, прымеркаваннае да Дня ўшанавання продкаў Дзяды, арганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ.
У ім прыняло ўдзел каля 50 чалавек. Выступілі кіраўнікі і сябры партыі, быў зачытаны зварт яе старшыні Зянона Пазьняка.
Па словах намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі -БНФ Юрася Беленькага, агульны сэнс усіх выступаў звязаны з пагрозай Беларусі з боку Расеі:
– Самае галоўнае, што мы мусім зрабіць, – гэта не дапусціць інвазіі Расеі. А калі гэта інвазія адбудзецца, то ў адпаведнасі з Канстытуцыяй, увесь беларускі народ, мужчыны найперш, мусяць бараніць краіну са зброяй у руках. Падчас мітынгу, канешне ж, узгадалі 1937 год, узгадалі перыяд генацыду. Існы палітычны рэжым у Беларусі вытворны ад Масквы. Гэта сінхроннае з Расеяй святкаванне юбілею камсамолу, ідзе ненатуральная папулярызацыя Сталіна і гэтага перыяду.
Па меркаванні Юрася Беленькага, бачна, што ў гэтых працэсаў адна рэжысура, адна рука. І гэта вельмі трывожы сімптом. Аднак у той жа час станоўча тое, што большасць беларусаў разумее важнасць незалежнасці Беларусі і шмат хто гатовы змагацца за яе. Гэта дае надзею на будучыню, – кажа Юрась Беленькі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота svaboda.org
* * *
Улады імкнуцца знішчыць сляды генацыду 1930—40-х гадоў, гаворыцца ў заяве старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазьняка, якое зачытаў на мітынгу ў Лошыцкім яры 4 лістапада адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі.
Пазьняк назваў лёс Беларусі трагічным. Паводле яго слоў, на сённяшнім мерапрыемстве актывісты партыі „ўспамінаюць у першую чаргу тых, хто бязвінна загінуў ад рук маскоўскіх акупантаў”.
Ён адзначыў, што найбольш масавыя расстрэлы адбываліся ў 1937 годзе. „Прывозілі і забівалі кожны дзень. Паводле маіх разлікаў, тут забілі прыкладна 10 тысяч чалавек. Улетку 1988 года, калі вяліся археалагічныя раскопкі і эксгумацыя ў Курапатах, месца расстрэлу ў Лошыцы было засыпанае грунтам”, — адзначыў кіраўнік КХП-БНФ.
Палітык заклікаў памятаць падзеі ў Лошыцкім яры, блізу якога ў найбліжэйшы час улады могуць пабудаваць офісы. „Трэба арганізаваць штодзённае назіранне за гэтым месцам і памятным знакам. Камунізм не вернецца. Фашызм не пройдзе. Ніколі не забудзем аб генацыдзе. Зберажом памяць”, — заклікаў Пазьняк у заяве.
У акцыі ўзялі ўдзел прыблізна 50 чалавек. Яна пачалася з шэсця ад будынка Менскага гарадскога палаца культуры, удзельнікі якога прайшлі да Лошыцкага яра з бел-чырвона-белымі сцягамі, расцяжкамі „Расія — гэта вайна” і „Дзяды”.
За падзеямі назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Акцыя дазволеная сталічнымі ўладамі ў поўным аб’ёме.
Згодна са звесткамі гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася так званая Белая дача — месца размяшчэння спецкаманды НКУС, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.
Шэсце і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзіць праз тыдзень пасля акцыі ў Курапатах. Сёлета яна адбылася 28 кастрычніка.
Фота svaboda.org
* * *
У Менску Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ праводзіць акцыю ў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
У шэсці ад будынка Менскага гарадскога палаца культуры да Лошыцкага яра ўдзельнічаюць прыблізна 30 чалавек, якія нясуць не менш за 20 бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама расцяжкі „Расія — гэта вайна” і „Дзяды”, паведамляе БелаПАН.
За тым, што адбываецца, назіраюць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.
Акцыі дазволеная ўладамі ў поўным аб’ёме — шэсце плануецца завяршыць мітынгам, які пачнецца ў 15.00 ля памятнага крыжа ў Лошыцкім яры.
* * *
4 лістапада адбудуцца шэсце і мітынг да Лошыцкага яра – аднаго з месцаў масавых расстрэлаў у сталінскія часы.
Мерапрыемствы будуць праводзіцца ў працяг адзначэння Дзядоў у традыцыйным парадку.
Збор удзельнікаў мерапрыемства з 12.00 да 12.30 на пляцоўцы каля Менскага гарадскога палацу культуры (вул. Маякоўскага, 129). З 12.30 да 13.00 адбудзецца дэманстрацыя ходнікамі вуліцы Маякоўскага да памятнага крыжа ў Лошыцкім яры. Час правядзеньня мітынгу — да 15.00.
Арганізатар – Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ. Дазвол Менгарвыканкаму атрыманы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота novychas.by і з архіва Радыё Рацыя