4 жніўня – Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі (абноўлена)



zyo15_w465h262

У рамках мерапремстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, у беларускім Доме ў Варшаве пройдзе дыскусія на тэму «Беларусь-незамкнутая справа (15 год ад палітычных зьнікненняў»).

Пра гэта паведаміў Алесь Зарэмбюк. Дыскусія будзе праходзіць на беларускай, польскай і расейскай мовах.

 – Вось ужо другі год запар мы арганізуем дыскусію на грамадска-палітычныя тэмы. У гэтай дыскусіі возьмуць непасрэдны ўдзел Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка, а спадарыня Ірына Красоўская з дапамогай скайпу з Вашынгтону, а таксама Марына Адамовіч.

Міжнародны дзень салідарнасці з беларускай грамадзянскай супольнасцю адбываецца 4 жніўня, у гадавіну арышту правабаронцы Алеся Бяляцкага.

У сённяшнім відэа-звароце Бяляцкі прасіў беларускіх правабаронцаў выказаць салідарнасць са сваімі азэрбэйджанскімі калегамі, якія апошнім часам падвяргаюцца рэпрэсіям.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя Ужо трэці год запар 4 жніўня, у гадавіны арышту Алеся Бяляцкага, адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з грамадскай супольнасцю Беларусі. Як паведаміла праваабаронца Таццяна Рэвяка, Алесь Бяляцкі накіраваўся на лячэнне, аднак падрыхтаваў відэазварот, у якім дзякуе ўсім за салідарнасць з ім і заклікае выявіць салідарнасць, у прыватнасці, з правабаронцамі ў Азербайджане, якіх у гэтыя дні асабліва актыўна пераследуюць улады.

–    Зараз салідарнасці ад нас патрабуюць нашы калегі з Азербайджана, дзе толькі на мінулым тыдні былі арыштаваныя 2 нашыя калегі. Таксама адзін наш калега яшчэ ў траўні быў асуджаны. Таму мы заклікаем да салідарнасці з іншымі краінамі, з праваабаронцамі, грамадзянскай супольнасцю, якія зараз знаходзяцца ў такіх жа ўмовах, як і беларуская грамадзянская супольнасць.

У аргкамітэт Дня салідарнасці ўваходзяць прадстаўнікі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, Цэнтра Грамадзянскіх Свабод з Украіны, Хельсінскага Фонду па правах чалавека з Польшчы, Маскоўскай Хельсінскай групы, Дома правоў чалавека з Літвы і Моладзевай Інфармацыйнай службы Казахстана.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Ужо трэці год запар 4 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Ён прымеркаваны да даты затрымання ў Менску ў 2011 годзе праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які ў чэрвені гэтага года выйшаў на волю па амністыі.

У аргкамітэт Дня салідарнасці ўваходзяць прадстаўнікі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, украінскага Цэнтра грамадзянскіх свабод, Хельсінкскага фонду па правах чалавека ў Польшчы, Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху, Дома правоў чалавека, зарэгістраванага ў Літве.

Дзень салідарнасці было вырашана праводзіць 4 жніўня, бо менавіта ў гэты дзень у 2011 годзе быў арыштаваны Алесь Бяляцкі – віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна”. Нягледзячы на вызваленне Бяляцкага, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не збіраюцца адмаўляцца ад правядзення Дня салідарнасці. «Будзем адзначаць гэты дзень штогод да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца, пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды», – гаворыцца ў маніфесце Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ByMedia.net