40 базавых велічынь штрафу за недаказаны распаўсюд улётак
Суд Слонімскага раёна прысудзіў 40 базавых велічынь штрафу за распаўсюд улётак з заклікамі да несанкцыянаваных мітынгаў слонімцу Пятру Крышталю.
Гэты суд адбыўся ў панядзелак, 26 кастрычніка. Суд праходзіў некалькі хвілін, усе хадайніцтвы слонімца былі суддзём Ярмолікам адхілены. Задаць пытанні на судзе Пятру Крышталю не далі. Ён толькі паспеў сказаць, што 14 кастрычніка з раніцы да 13.30 ён знаходзіўся на працы, а ўжо ў 13.35 яго затрымалі, таму што, маўляў, 14 кастрычніка ён распаўсюджваў улёткі. І рашэнне суддзі было хуткасным: 40 базавых велічынь штрафу.
А пачалася гэта гісторыя 14 кастрычніка, калі аўтамабіль Пятра Крышталя быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ, якія раптоўна правялі “агляд” яго без усякіх на тое тлумачэнняў. І ў аўто супрацоўнікі ДАІ знайшлі ўлёткі, якія там ляжалі. Паехалі ў Слонімскі РАУС, дзе адзін з міліцыянераў сказаў, што падобная машына знаходзіцца ў выкраданні ў Грэцыі. Трэба, маўляў, праверыць він-код. Шмат гадоў машына з’яўляецца ўласнасцю Пятра Крышталя, праходзіла заўсёды тэхагляды і раптам яна “знікла” з Грэцыі. І “знікла” машына з Грэцыі ў Беларусь менавіта тады, калі ў ёй былі ўлёткі. Аўтамабіль у Пятра Крышталя забралі і паставілі на стаянку на тэрыторыі Слонімскага РАУС. Пры гэтым ніякага дакументу, што забралі аўто ў яго ўласніка, Пятру не далі. За тое самога ўласніка машыны пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).
Пасля двух сутак у ІЧУ, слонімца павялі на суд. Але суд адклалі. А 21 кастрычніка Пятра выклікалі ў РАУС ужо ў якасці сведкі наконт распаўсюду ўлётак. Праўда, іх распаўсюд па Слоніму быў тады, калі слонімец знаходзіўся ў ІЧУ. Праз пару дзён Крышталь быў запрошаны да міліцыянта Данільчыка наконт аўто, які папрасіў, каб Пятро аддаў яму тэхпашпарт аўто, але слонімец не пагадзіўся. 19 кастрычніка Пятр Крышталь напісаў заяву на імя начальніка Слонімскага РАУС, каб яму выдалі дакумент, што ў яго забралі аўто, а таксама вярнулі рэчы, якія знаходзіліся ў машыне. А там было гукавое, святлавое і праекцыйнае фотаабсталяванне агульным коштам больш за 20 тысяч рублёў. Калі машына ў міліцыянтаў выклікае падазрэнне, дык прычым тут прыватнае абсталяванне для працы слонімца?.. Пакуль адказу з міліцыі на заяву няма… Ну, а далей быў суд. І штраф 40 базавых велічынь за распаўсюд улётак, якія міліцыяй і судом зусім не даказаны.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім