40 дзён без Івана Шэгі
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл наведалі магілу на Слонімскіх гарадскіх могілках былога доктара і грамадскага дзеяча, заснавальніка недзяржаўнай установы «Шэгамедкансульт», каардынатара Слонімскага грамадскага цэнтра, былога дэпутата Слонімскага раённага Савета дэпутатаў 2003−2007 гадоў Івана Шэгі.
Слонімцы хвілінай маўчання памянулі свайго знакамітага земляка, усклалі кветкі на яго магілу і запалілі знічы. 40 дзён ужо Слонім без Івана Шэгі.
Яму было толькі 63 гады. Родам ён быў з вёскі Валеўка Навагрудскага раёна. Скончыў Валеўскую сярэднюю школу амаль на выдатна, а потым Менскі медыцынскі інстытут. З 1980 года жыў і працаваў доктарам-траўматолагам у Слоніме. У апошнія дваццаць гадоў Іван Шэга актыўна займаўся палітыкай, з”яўляўся сябрам Сойму партыі БНФ, яго хваляваў лёс Беларусі і свайго народа. Свае разважанні і думкі пра лёс краіны ён выказаў і паспеў выдаць асобнай кнігай «Пра краіну і пра нас», якая сёлета выйшла з друку ў Менску.
У гэтым годзе Іван Шэга таксама прымаў удзел у выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім