40 мытнікаў затрыманыя па справе аб карупцыі
Па справе аб карупцыі на Ашмянскай мытні затрыманыя 40 мытнікаў.
Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько.
„Шэраг крымінальных спраў ужо накіраваны ў суд. Але КДБ і Следчы камітэт працягваюць расследаванне гэтай гучнай карупцыйнай справы. Агулам затрыманыя каля 40 супрацоўнікаў”, – паведаміў Юры Сянько.
У сакавіку КДБ разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў карупцыю на Ашмянскай мытні. У злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста „Каменны Лог”. Спачатку паведамлялася пра затрыманне 19 чалавек. У мытнікаў канфіскавалі больш за 2,2 млн даляраў.
„Сумы незаконнага грашовага ўзнагароджання складалі ад 250 да 3000 даляраў ЗША ў залежнасці ад колькасці перамешчаных грузаў. Адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячнае грашовае ўзнагароджаньне ў памеры 1000 даляраў ЗША ажыццяўляў прыкрыццё злачыннай дзейнасці затрыманых шляхам перадачы ім звестак пра плянаваныя ДМК Рэспублікі Беларусь праверачныя мерапрыемствы”, – адзначалі ў КДБ.
Імёны і пасады затрыманых мытнікаў не выдаюцца, як і дэталі гэтай справы.
Фота sb.by